Cуд над сябрам БХД Вольгай Пансевіч перанесены
Сёння, 5 чэрвеня, а 10-й гадзіне ў Слонімскім раённым судзе павінен быў адбыцца судовы працэс па справе слонімскай сябры БХД Вольгі Пансевіч, але па яе просьбе суд перанесены на 12 чэрвеня. Прычынай такога пераносу, па словах Вольгі, стала тое, што са справай не паспеў азнаёміцца яе адвакат. На гэта павінна пайсці некалькі дзён, таму суддзя задаволіў яе просьбу.
Нагадаем, што, па словах Вольгі Пансевіч, 21 красавіка на вуліцы Хлюпіна ў Слоніме прыкладна ў 19:30 да яе падышлі супрацоўнікі патрульна-паставой службы і прапанавалі паехаць з імі ў аддзел. Жанчына адмовілася. Тады яны сілай яе скруцілі і запіхнулі ў машыну, пры гэтым наносілі ўдары рукамі і нагамі, надзелі кайданкі і завезлі ў аддзел. Там змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання. У ізалятары трымалі трое сутак, збівалі, ставілі ў позу “ластаўкі”. Жанчына сказала, што буду абскарджваць такія дзеянні міліцыі. На пытанні: за што яе затрымалі, Вольга журналісту паведаміла наступнае:
—Сёлета ў студзені мяне затрымлівала міліцыя за пераход вуліцы не ў тым месцы. Але я ў хуткім часе пасля гэтага з’ехала ў Маскву. Знайсці і прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці міліцыя тады мяне не змагла. Вярнулася я з Масквы ў канцы сакавіка, калі ўжо выйшаў тэрмін даўніны па тым правапарушэнні. Магчыма, міліцыянеры ўзялі мяне пад увагу, каб пакараць па-іншаму. Калі я выйшла з ізалятара, зняла пабоі, якія мне нанеслі ў міліцыі, і напісала скаргу ў пракуратуру. Пракурор маю скаргу перанакіраваў у мясцовы аддзел Следчага камітэта. Але там складу злачынства ў дзеяннях міліцыі не знайшлі. Тады пракуратура накіравала скаргу на такое рашэнне ў аддзел следчай бяспекі. Чакаем вынікаў адтуль. А 30 мая да мяне прыехалі супрацоўнікі міліцыі, завезлі мяне ў аддзел і паказалі два пратаколы, складзеныя на мяне: за непадпарадкаванне міліцыі і за нецэнзурную лаянку. Я іх не падпісала. Тады яны завезлі мяне ў суд. Суддзя Іван Ластоўскі спытаў, што мне патрэбна для абароны. Я сказала, што трэба мой абаронца ў судзе і патрэбна выклікаць сведак. Разгляд маёй адміністрацыйнай справы прызначылі на 10 гадзін 5 чэрвеня. Але сёння перанеслі на 12 чэрвеня.