У Гомелі актывісты БХД падалі заяўкі на 20 пікетаў (фота)
У Гомелі 9 чэрвеня прайшла абласная справаздачная канферэнцыя мясцовага аддзялення аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя”. Удзел у ёй узялі 29 чалавек.
На канферэнцыі са справаздачай выступіў гомельскі абласны каардынатар БХД Юры Клімовіч, а таксама з прамовай аб бліжэйшых задачах аргкамітэту – сустаршыня Віталь Рымашэўскі.
Па выніках дыскусіі ўдзельнікі канферэнцыі прынялі рашэнне замовіць пікеты для абмеркавання з насельніцтвам байкоту “парламенцкіх выбараў” у верасні гэтага году. У той самы дзень, 9 чэрвеня, у Гомельскі гарвыканкам былі накіраваныя 20 заявак на правядзенне пікетаў. Адказным за іх правядзенне абраны Алесь Яўсеенка.
Таксама ўдзельнікі канферэнцыі вырашылі стварыць рэгіянальныя суполкі ў сацыяльных сетках. Адказным за гэта абралі Алеся Бычко.
Апроч таго, удзельнікі канферэнцыі абралі адказнага сакратара Гомельскага аргкамітэту БХД. Ім стаў Алесь Сівакоў.