Хто стварае “беларускае асяроддзе”? Досвед “чыстапароднай чэшкі”
У мяне ёсць некалькi сяброў, якiя даволi добра валодаюць беларускай мовай, але па-ранейшаму гавораць на расейскай мове. Яны ўсе выдатна ведаюць, што гэта няправільна, але нiчога не робяць. Я пацікавілася, чаму? Быццам бы галоўная прычына ў меркаванай „адсутнасцi беларускага асяроддзя”…
Аднойчы я заўважыла, як мой расейскамоўны сябра Валеры размаўляе з нашым супольным, беларускамоўным сябрам Антосем. Ён цудоўна гаварыў па-беларуску. Я яго запытала: „Чаму ты з Антосем размаўляеш па-беларуску, а з iншымі – па-расейску?“ Ягоны адказ мяне здзівіў. Ён сказаў: „Калi са мной хтосьці гаворыць на беларускай мове, дык я яму адказваю таксама па-беларуску. А калi на расейскай, я таксама па-расейску“. „Значыць, калi Антось гаворыць выключна па-беларуску, ты з iм размаўляеш таксама выключна па-беларуску?“ „ТАК!“ Вось логіка.
Я задала майму сябру падступнае пытанне: „Валеры, а цi ты задумваўся часам пра тое, што калi ТЫ будзеш размаўляць па-беларуску, многія будуць ТАБЕ адказваць па-беларуску?“ Мой сябра заціх у здзіўленні. Відавочна, пра такое ён ніколі не думаў.
Дарагія беларусы, адно можна сказаць з упэўненасцю: беларускае асяроддзе не будзе ствараць ніхто іншы, акрамя вас саміх! Кожны з вас можа пачаць яго ствараць каля сябе. Пачніце з сябе, і вы ўбачыце, што тых, хто прыме гэты выклік, будзе больш, чым вы меркавалі!
Дарэчы: Валеры сёння карыстаецца беларускай нашмат больш, чым раней. Таксама, як i некалькi iншых маiх сяброў. Яшчэ нядаўна я наракала, што мне няма з кім практыкавацца ў беларускай мове, калі амаль усе „мае” беларусы – расейскамоўныя (пакідаю ў баку той факт, што ў Чэхіі, у горадзе, дзе я жыву, з беларусамі амаль ніякага кантакту няма). Тады я вырашыла, што незалежна ад таго, як яны гавораць, я буду ў зносінах з беларусамі карыстацца выключна беларускай мовай. Аказалася, што, раней ці пазней, яны пачынаюць мне адказваць таксама па-беларуску. І не толькі гэта. З майго досведу, маіх сяброў гэта хутка падкупляе. Такім чынам, вакол мяне, чэшкі, „беларускае асяроддзе” ўзнікае параўнальна лёгка і хутка.
Дык вось – пакіньце апраўданне, што няма асяроддзя, i пачніце яго актыўна ствараць. З любоўю да гэтага! Зычу вам поспехаў.
P.S.1: Лічыце, што мне, як іншаземцы, у гэтым прасцей? Так, з аднаго боку гэта праўда. Мае сябры адчуваюць сорам, што яны не карыстаюцца мовай продкаў, калі нават чэшка здолела яе вывучыць. Іх гэта вельмі ўражае і захапляе. Але, з іншага боку, мне нашмат складаней. Як вы думаеце? Мне таксама лягчэй гаварыць на расейскай, якую я адзінаццаць гадоў вывучала, па якой у мяне ёсць міжнародны дзяржаўны экзамен… У беларускай мне часта не хапае слоўнікавага запасу… Маё асяроддзе зусім іншае, мне цяжка зразумець „дух беларускай мовы”, маю акцэнт, часам не там стаўлю націск… Але гэта ж мяне не спыніць!
P.S.2: Я добра ўсведамляю, што, гаворачы пра „беларускае асяроддзе”, вы маеце на ўвазе нашмат больш, чым толькі мову. Але, як эколаг паводле адукацыі, я ведаю, што асяроддзе складаецца з мноства асобных элементаў. Кожны з іх мае сваё значэнне, і мы не можам сказаць, што не варта абараняць адзін кавалак асяроддзя, калі іншыя руйнуюцца. Мэтанакіраваная, актыўная абарона кожнай часткі, нават самай маленькай, вельмі важная для агульнага выніку.
Беларускамоўная, аднак “чыстапародная” чэшка
Светлана Вранова
04.06.2012