У Бабруйску з’явіліся абразлівыя надпісы ў адрас каталікоў (фота)
Надпісы можна ўбачыць у алтарнай частцы самага старажытнага бабруйскага будынка – езуіцкага касцёла. Фотаздымкі з абразлівымі надпісамі ў адрас каталікоў і святога пакутніка Андрэя Баболі парталу Babruisk.by даслалі чытачы. На сценах ўнутры былога касцёла ёсць надпісы «Смерть католикам, слава России» і «Баболя п..р. Смерть иезуитам. Бей панов, спасай Россию».
Будынак езуіцкага касцёла – гісторыка-культурная каштоўнасць, якая, па ідэі, павінна ахоўвацца дзяржавай.
– Мы з сябрам вырашылі паглядзець, наколькі будынак касцёла-цэйхгауза-гаўптвахты пацярпеў ад пажару (нагадаем, ён гарэў у снежні мінулага года), – напісаў нам малады жыхар Бабруйска. – Гэтыя надпісы мы ўбачылі ў алтарнай частцы будынка. Мой сябар каталік, і яго гэтыя «майстэрствы» вельмі моцна пакрыўдзілі. Мне ж стала не па сабе. Нават, з’явілася пачуццё спалоху, так як з габрэямі такія групоўкі ўвесь час канфліктуюць, а нападкі на каталікоў … Такое я бачыў упершыню. Гэта ўжо не шавінізм, а сапраўдны нацызм пачынаецца. Па іх логіцы, у нашым грамадстве абсалютна ўсе ворагі, калі яны не праваслаўныя і не за «Вялікую Расею». Гэта страшна, гэта сімптом пачатку небяспечнай хваробы поўнага раскладання маральных прынцыпаў і правіл. Дарэчы, мы спрабавалі высветліць, пад якое пакаранне гіпатэтычна падпадаюць аўтары гэтых надпісаў, супрацоўнікі міліцыі нам сказалі, што гэта «хуліганства з асаблівым цынізмам».
Па артыкуле 201 КК РБ аўтарам абразлівых надпісаў пагражае ад аднаго да пяці гадоў пазбаўлення волі. Але ў тое, што менавіта гэтыя «мастакі» будуць знойдзеныя, верыцца з цяжкасцю. Пару гадоў таму ў гэтым жа раёне можна было ўбачыць надпіс “Жидовское племя должно быть распято”.
Надпісы з абразамі каталікоў і святога Андрэя Баболі з’явіліся тут, відавочна, пасля пажару. Варта адзначыць, тыя, хто іх напісаў, людзі ў тэме. Бо не ўсе ведаюць, што першым настаяцелем езуіцкай місіі ў Бабруйску быў Баболя. Што ён правёў у горадзе тры гады, а таксама прапаведаваў у бліжэйшых вёсках. Сучаснікі святога характарызавалі яго як адукаванага, кантактнага і ўплывовага святара. Андрэй Баболя быў па-зверску закатаваны казакамі ў 1657 годзе ў спробах «звароту ў праваслаўе». Святы лічыцца нябесным заступнікам Беларусі і Польшчы, яго яшчэ называюць «Пінскі апостал».