Змітра Дашкевіча перавялі з памяшкання камернага тыпу ў атрад
Пра гэта БелаПАН паведаміла намеснік старшыні арганізацыі Наста Палажанка.
Паводле яе слоў, упершыню Дашкевіч пераведзены ў атрад. «З часу пачатку адбыцця пакарання Дашкевіч не выходзіў са штрафных ізалятараў і памяшканняў камернага тыпу.
Спачатку так адбылося ў калоніі № 9 у Горках. Яго змяшчалі ў ШІЗА раз за разам — за тое, што ён патрабаваў нармальных умоў утрымання. Яму там нават прыйшлося аб’явіць галадоўку, пасля чаго ён быў пераведзены ў глыбоцкую калонію», — сказала Палажанка.
У калоніі ў Глыбокім Дашкевіча паводле яго заявы аб пагрозе жыццю і здароўю спачатку трымалі ў адзіночнай камеры, потым змясцілі ў штрафны ізалятар, затым — у памяшканне камернага тыпу, прадоўжыла Палажанка.
«Такім чынам, за паўтара года Дашкевіч упершыню знаходзіцца хаця б на адноснай волі, мае магчымасць паглядзець на неба над галавой», — сказала яна.
Палажанка адзначыла, што Дашкевіч, згодна з правіламі калоніі, павінен працаваць: «Аднак нам пакуль невядома, у які атрад ён пераведзены і кім ён працуе».
***
Зміцер Дашкевіч разам з актывістам «Маладога фронту» Эдуардам Лобавым быў затрыманы ў Мінску за дзень да прэзідэнцкіх выбараў, 18 снежня 2010 года. Гэтае затрыманне прадстаўнікі апазіцыі і праваабаронцы расцанілі як прэвентыўную меру міліцыі напярэдадні выбараў. Маладыя людзі былі прызнаны вінаватымі ў збіванні двух мінчан. 24 сакавіка 2011 года суд прыгаварыў Дашкевіча да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. У верасні яму прапаноўвалі напісаць прашэнне аб памілаванні, але ён адмовіўся.