“Кааліцыя шасці” адмовілася прызнаваць нелегітымнымі парламенцкія “выбары”
Удзельнікі “Кааліцыі шасці” 22 чэрвеня на сваім паседжанні адмовіліся ўжо зараз прызнаваць нелегітымнымі і недэмакратычнымі парламенцкія “выбары”, якія прызначаны на 23 верасня.
За падпісанне супольнай заявы аб непрызнанні “выбараў” выказаліся толькі прадстаўнікі Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі і Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі, супраць – “Руху За Свабоду”, “Гавары праўду!”, Справядлівага свету і Партыі БНФ.
Як паведаміла Марына Хоміч, якая прадстаўляла на паседжанні БХД, раней прадстаўнікі “шасцёркі” пагаджаліся з непрызнаннем “выбараў”, але сёння яны выступілі супраць.
“Яны сказалі, што ў нас розныя стратэгіі на гэтыя “выбары”. Але розныя стратэгіі не азначаюць, што ў краіне не парушаюцца законы і Канстытуцыя. Такім чынам, тыя, хто адмовіўся падпісаць заяву, фактычна пагадзіліся на прызнанне “выбараў дэмакратычнымі і свабоднымі. Яны яшчэ не нагуляліся ў гульні ўлады”, – адзначыла Марына Хоміч.
Разам з тым разгляд супольнай заявы аб непрызнанні недэмакратычнасці “выбараў” унесены ў парадак паседжанняў абласных кааліцый дэмакратычных сілаў. У Магілёве яе разгледзяць ужо сёння, 22 чэрвеня.
Нагадаем, што БХД заклікае ўсе дэмакратычныя сілы Беларусі ўжо сёння заявіць аб непрызнанні дэмакратычнымі, празрыстымі і законнымі “парламенцкіх выбараў”, бо на сённяшні дзень улады не выканалі ніводнага патрабавання, вылучанага дэмакратычнымі сіламі Беларусі пры падпісанні Пагаднення “Аб умовах правядзення свабодных выбараў”, і з моманту абвяшчэння даты “выбараў” іх выкананне становіцца практычна немагчымым.