Магілёўскія дэмсілы абяцаюць прыняць супольную заяву па “выбарах” у аўторак

23 чэрвеня 2012 11:08  |  Галоўныя навіны

Магілёўскія дэмакратычныя сілы 22 чэрвеня на абласной канферэнцыі таксама адмовіліся прыняць прапанаваную мясцовай філіяй БХД супольную заяву аб непрызнанні “парламенцкіх выбараў”. Разам з гэтым яны паабяцалі ўзяць яе за аснову, пераапрацаваць і ў аўторак, 26 чэрвеня, прыняць супольную заяву.

 

Пра гэта прэсавай службе Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі паведаміла абласная каардынатарка БХД Таісія Кабанчук.

 

Паводле яе словаў, калі ў заяве не будзе сказана аб непрызнанні “выбараў”, то яна не бачыць сэнсу ў сваім далейшым удзеле ў падобнага кшталту канферэнцыях.

 

Удзельнікі канферэнцыі таксама выказалі намер супрацоўнічаць, нягледзячы на рознасць стратэгій. “Але як можна супрацоўнічаць, калі ў кожнага Абрама свая праграма?” – задалася пытаннем Таісія Кабанчук.

 

Апроч таго, плануецца каардынацыя дзеянняў дэмакратычных сілаў па назіранні за “выбарамі”.

 

Нагадаем, што БХД заклікае ўсе дэмакратычныя сілы Беларусі заявіць аб непрызнанні дэмакратычнымі, празрыстымі і законнымі “парламенцкіх выбараў”, бо на сённяшні дзень улады не выканалі ніводнага патрабавання, вылучанага  дэмакратычнымі сіламі Беларусі пры падпісанні Пагаднення “Аб умовах правядзення свабодных выбараў”,  і з моманту абвяшчэння даты “выбараў” іх выкананне становіцца практычна немагчымым.

Болей навін