Мітрапаліт Філарэт у цяжкім стане знаходзіцца ў рэанімацыі

07 ліпеня 2012 15:32  |  Галоўныя навіны

Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага, патрыяршага экзарха ўсяе Беларусі Філарэта павезлі ў рэанімацыю з гомельскага Свята-Петрапаўлаўскага сабора, дзе 7 ліпеня ён удзельнічаў ва ўрачыстасцях з нагоды першай богаслужбы епіскапа Стафана як кіраўнічага архіярэя Гомельскай і Жлобінскай епархіі. 77-гадоваму мітрапаліту падчас літургіі стала дрэнна.

 

Каля 12:00 мітрапаліта павезлі на машыне хуткай дапамогі ў суправаджэнні аўтамабіляў міліцыі.

 

Калі мітрапаліта Філарэта на насілках вынеслі да аўтамабіля хуткай дапамогі, ён быў у свядомасці, аднак, па наяўных дадзеных, яго стан ацэньваецца як цяжкі, паведамляе БелаПАН.

 

У гэтыя дні ў Гомелі, як і ва ўсёй Беларусі, стаіць анамальная спякота (тэмпература 30-35 градусаў, што вышэй за кліматычную норму), так што гэта магло адбіцца на самаадчуванні мітрапаліта. У саборы ў час літургіі было душна і некалькім вернікам таксама стала дрэнна, паведамляюць відавочцы.

Болей навін