У Будславе пілігрыма затрымалі за цішотку з надпісам “Няхай жыве Хрыстус Валадар!”
Супрацоўнікі міліцыі затрымалі на Будслаўскім Фэсце глыбоцкага пілігрыма Уладзіміра. Міліцыянты звярнулі на яго ўвагу з-за цішоткі з выявай святара-пакутніка Мечыслава Багаткевіча і надпісам “Няхай жыве Хрыстус Валадар!”
Уладзімір распавёў, што яго затрымалі, калі праходзіў турнікеты на шляху з намётавага мястэчка да касцёла. Міліцыянты патлумачылі, што ім “не падабаецца” ягоная цішотка і завялі ў пастарунак.
Там нейкі міліцэйскі начальнік хвілінаў пятнаццаць размаўляў з Уладзімірам. Пытаўся, дзе і па якім кошце набыў цішотку, хто такі ксёндз Багаткевіч, і ці не азначае гэтая цішотка прыналежнасці да якой-небудзь арганізацыі. Пасля размовы міліцыянт адпусціў пілігрыма.
У мінулыя гады міліцыянты таксама затрымлівалі ні за што ўдзельнікаў Будслаўскага Фэсту.
Мечыслаў Багаткевіч (1904-1942) – каталіцкі святар-пакутнік. Падчас нямецкай акупацыі служыў у Дрысе (Верхнядзвінску), дзе быў арыштаваны супрацоўнікамі гестапа. Расстраляны 4 сакавіка 1942 года ў лесе Барок каля Глыбокага разам са святарамі Уладзіславам Мацьковякам і Станіславам Пыртакам. Перад расстрэлам святары разам выгукнулі “Няхай жыве Хрыстус Валадар!” Папа Ян Павел ІІ ў 1999 годзе абвесціў дабраслаўлёнымі расстраляных у Барку святароў.