Севярынец: падтрымайма Дашкевіча!
Кіраўніку Маладога Фронту, палітвязню Змітру Дашкевічу, які зняволены ў глыбоцкай калоніі № 13, пагражае дадатковы год зняволення за “невыкананне рэжыму калоніі”. Нагадаем, Зміцер Дашкевіч быў затрыманы напярэдадні падзеяў Плошчы-2010, а затым быў асуджаны на 2 гады. Ён мусіць выйсці на волю 18 снежня гэтага году.
“Рэжым знішчае Дашкевіча, які ёсць лідарам усяго беларускага маладзёвага руху і кіраўніком Маладога Фронту. Дашкевіч – найбольш яркая і знакавая постаць новага пакалення. Гарачы вернік. Патрыёт. Публіцыст. Мала хто здольны стаць на поўны рост у супрацьстаянне з сістэмай – і зараз ён пакутуе і змагаецца за кожнага з нас. Несправядліва асуджаны, Дашкевіч паводзіць сябе ў турме як вольны чалавек. Калі мы змаўчым і Дашкевічу дадуць год турмы, тое ж самае рэжым будзе практыкаваць і ў дачыненні да астатніх”, – адзначыў сустаршыня Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Павал Севярынец.
“Трэба ўсяляк выявіць салідарнасць са Змітром і ўсім Маладым Фронтам. Праводзіць акцыі ў падтрымку, пісаць лісты, дамагацца міжнароднай рэакцыі і, канечне, маліцца”, – заклікаў ён.