За Волю: Спыніцеся! Спыніце катаванні і здзекі! Пабойцеся Бога!
Праваабарончая каардынайцыйная група “За Волю” выступіла з адкрытым зваротам у сувязі з катаванняў палітвязняў у беларускіх турмах і калоніях. Прыводзім тэкст звароту.
Кіраўніку АП Макею У.У
220016, г. Минск, ул. К. Маркса, 38
Кіраўніку Дэпартамента выканання пакаранняў Дарожку С.І.
220006, г. Менск, вул. Вакзальная, 42
Міністру ўнутраных спраў Шуневічу І.А.
220050, г. Менск, вул. Гарадскі Вал, 2.
Генеральнаму пракурору Канюку А.В.
220030, г.Менск,вул.Інтэрнацыянальная, 22
Старшыні КДБ Республікі Беларусь Зайцаву В.Ю.
220030, г.Менск, пл.Незалежнасці,17
Начальнікам турмаў і калоній
Адкрыты Зварот
Спыніцеся!!! Спыніце катаванні і здзекі!!! Пабойцеся Бога!
Звяртаемся да ўсіх асоб, пачынаючы ад грамадзяніна Лукашэнкі А. Р. і сканчваючы начальнікамі турмаў і іх памагатымі.
Што вы робіце? Вы, хто сёння трымае ўладу, вы замест дабра, праўды, міласэрнасці, несяце гвалт, катаванні, здзекі. Апамятайцеся! За ўсе зробленае прыйдзецца адказваць! Кожнаму прыдзецца плаціць па заслугах! Вы баіцеся Дашкевіча, Статкевіча, Севярынца, Аўтуховіча, Васьковіча… Вы гатовыя іх знішчыць, таму што яны маюць іншыя думкі, не маўчаць, не сядзяць склаўшы рукі, а нават у турмах выкрываюць вас, змагаюцца за Праўду і Справядлівасць. Вы задзейнічалі ўсю дзяржаўную сілавую машыну, каб зламаць волю гэтых мужных людзей. Вашы метады дасканалыя і агідныя…
Але вы, нягледзячы на ўсё, прайгралі. Бо Дух немагчыма зламаць, немагчыма забіць. Гэта за межамі вашай улады, вашых паўнамоцтваў. Вы тут бяссільныя. Мы схіляемся перад мужнасцю нашых Герояў і пагарджаем вамі за вашу трусасць, сквапнасць, жорсткасць.
Сказана ў Бібліі: “Гора вам, багатыя …. Гора вам, перанасычаныя сёньня! Гора вам, хто сьмяецца сёньня! Бо заплачаце і загалосіце …. Не збірайце сабе скарбаў на зямлі, дзе моль і тля руйнуюць і дзе злодзеі падкопваюцца і крадуць, але збірайце сабе скарбы на небе, дзе ні моль, ні тля не руйнуюць і дзе злодзеі не падкопваюцца і не крадуць, бо дзе скарб твой, там будзе і сэрца тваё”.
Мы звяртаемся да вас як людзі глыбока веруючыя ў тое, што над усімі намі ёсць Госпад Бог, Які даў кожнаму з нас жыццё, даў нам усім супольны дом – нашу Радзіму Беларусь, якую мы вельмі любім, і даў нам заданне на зямлі рабіць дабро для іншых. Усё, што здзяйсьняецца на зямлі, здзяйсьняецца з Яго дазволу, не таму, што Ён згаджаецца на зло, але таму, што дае кожнаму чалавеку свабодную волю. Ён любіць чалавека да канца і мае надзею на чалавека да канца. Госпад любіць чалавека але ненавідзіць грэх, асабліва, калі чынім яго супраць нашага бліжняга. Ёсць час, каб навярнуцца і спыніць зло. Спыніцеся!