Архіўныя матэрыялы ГУЛАГу пра айцоў-заснавальнікаў БХД перадалі ў Рым (фота)
На пачатку ліпеня 2012 года ў Варшаве адбылася сустрэча беларускага гісторыка і літаратуразнаўцы др. Юрася Гарбінскага з Генеральным настаяцелем Закона ксяндзоў марыянаў у Рыме кс. Андрэем Пакулам МІС.
Сустрэча была прысвечана вынікам экспедыцыі беларускага даследчыка ў Іркуцкую вобласць, што праходзіла з 10 па 25 траўня гэтага года і мела на мэце пошук архіўных матэрыялаў пра вязняў савецкага ГУЛАГу — а. архімандрыта Андрэя Цікоту і кс. Адама Станкевіча, а таксама высвятленне месцаў і акалічнасцяў іх смерці.
Падчас сустрэчы вышэйшым уладам марыянаў былі перададзены копіі асабістых спраў вязняў «Возерлагу» — архімандрыта А. Цікоты і кс. А. Станкевіча, а таксама багатая калекцыя фота- і відэаматэрыялаў.
Беларускі даследчык выказаў глыбокую ўдзячнасць супольнасці марыянаў у асобе айца генерала, а таксама Апостальскаму візітатару для грэка-католікаў Беларусі архімандрыту Сяргею Гаеку і айцу правінцыялу марыянаў у Польшчы кс. Паўлу Наўмовічу за дзейсную падтрымку і спрыянне ў рэалізацыі гэтага праекту. Асаблівым чынам спадар Гарбінскі падзякаваў ксяндзу марыяніну Вячаславу Пялінку МІС, якіпрыняў удзел ва ўшанаванні памяці беларускіх святараў і адслужыў памінальныя Імшы на месцы іх пахаванняў у Іркуцкай вобласці.
У сваю чаргу айцец генерал Андрэй Пакула шчыра падзякаваў беларускаму навукоўцу за паспяховае завяршэнне праекту і за перададзеныя ў Рым матэрыялы.
Архіўная экспедыцыя доктара гістарычных навук Юрыя Гарбінскага ў Іркуцкую вобласць праходзіла пад патранатам Закона ксяндзоў марыянаў і звязана з беатыфікацыйным працэсам архімандрыта Цікоты і архімандрыта Абрантовіча, які распачаўся ў Ватыкане ў 2003 годзе і віцэ-пастулятарам якога з’яўляецца беларускі святар Вячаслаў Пялінак МІС.
Варта адзначыць, што вышэйшыя ўлады марыянаў у Рыме з вялікай прыхільнасцю і разуменнем аднесліся да прапановы Гарбінскага, які перад пачаткам экспедыцыі выказаў пажаданне ўключыць у праект таксама і справу пошукаў месца пахаваньня пад Тайшэтам заснавальніка Беларускай хрысціянскай дэмакратыі святара-патрыёта кс. Адама Станкевіча.
Такім чынам былі запоўнены яшчэ некалькі малавядомых беларускіх старонак у страшэннай гісторыі савецкага ГУЛАГу.
Даведка:
Архімандрыт Андрэй Цікота (1891–1952) быў вядомым святаром Віленскай дыяцэзіі. Пасля ўступлення ў 1920 г. у супольнасць айцоў марыянаў стварыў марыянскі кляштар і навіцыят у Друі, які стаў калыскай беларускай марыянскай супольнасці. Працаваў у Друі таксама як пробашч, грамадскі і культурны дзеяч, быў дырэктарам і выхавацелем у гімназіі, якую заснаваў. Унёс уклад у кіраванне супольнасцю сясцёр эўхарыстак, заснаванай у Друі бл. Юрыем Матулевічам.
У 1933–1939 гг. а. Андрэй Цікота выконваў абавязкі настаяцеля (суперыёра) супольнасці айцоў марыянаў. У 1939 г. папа Пій ХІІ прызначыў а. Цікоту Апостальскім Адміністратарам экзархату візантыйска-славянскага абраду ў Харбіне (Маньчжурыя).
22 снежня 1948 г. кітайская міліцыя арыштавала марыянскіх законнікаў і перадала іх НКУС. Пасля працяглага следчага працэсу законнікі былі асуджаны на 25 гадоў працы ў сібірскіх лагерах. У зняволенні а. Цікота патаемна выконваў святарскае служэнне сярод вязняў. Памёр, змучаны цяжкімі ўмовамі пражывання ў лагерах і хваробамі, 11 лютага 1952 г.