Сябар БХД прапануе назваць новыя вуліцы ў Слоніме ў гонар Станкевіча

16 ліпеня 2012 12:20  |  Грамадства

Сябар аргкамітэту па стварэнні Партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя, пісьменнік і гісторык Сяргей Чыгрын са Слоніма прапанаваў гарадскім уладам назваць новыя вуліцы ў гонар славутых землякоў. Адпаведны зварот ён накіраваў на імя старшыні Слонімскага райвыканкаму Сяргея Юшкевіча.

 

“Мы добра ведаем, што вуліцы Слоніма — гэта ягонае аблічча. Яны павінны і адпавядаць свайму часу, і захоўваць гістарычнае аблічча горада. На вялікі жаль, сёння не адпавядаюць часу многія назвы вуліц Слоніма, якія абыякава перайменоўваліся, а таксама мянялі свой выгляд, сваё аблічча”, – адзначыў ён.

 

Паводле словаў Сяргея Чыгрына, да сённяшняга часу ў Слоніме няма вуліц, якія б насілі імёны самых слынных землякоў: гісторыка, археолага, краязнаўца Язэпа Стаброўскага, дактароў медыцынскіх навук Андрэя Пракапчука і Венцаслава Пелікана, доктара філалагічных навук Канстанціна Пушкарэвіча, братоў Уладзіміра і Яўгена Хлябцэвічаў, пісьменнікаў Гальяша Леўчыка, Сяргея Дарожнага, Анатоля Іверса, Якуба Міско, Кандрата Лейкі, Рудольфа Пастухова, гісторыкаў Міхаіла Міско і Аляксандра Жукоўскага, мастака Антона Карніцкага, кампазітараў Міхала Агінскага і Антона Валынчыка, маршалка Войцеха Пуслоўскага, рэлігійных дзеячаў Лукаша Дзекуць-Малея, Хведара Данілюка, Адама Станкевіча, паўстанца 1833 года Міхала Валовіча, палітыка Максіма Бурсевіча, рэжысёра Мікалая Варвашэвіча і многіх іншых.Улады ж адну з дзвюх новых вуліцаў плануюць назваць “Вуліцай 10 ліпеня” ў гонар вызвалення гораду ад нямецкіх захопнікаў у 1944 годзе. 

 

Нагадаем, што БХД абвясціла 2012 год годам ушанавання памяці ксяндзоў-заснавальнікаў Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Адама Станкевіча і Вінцэнта Гадлеўскага.

Болей навін