На Беларусь плянуецца высадка новага «дэсанту» з Эўропы. Хто панясе адказнасьць на гэты раз?
На Беларусь плянуецца высадка новага «дэсанту» з Эўропы. Хто панясе адказнасьць на гэты раз?
Імя гэтаму дэсанту – назіральнікі за «выбарамі» ад АБСЭ.
Фактычна, візыт Ярмошынай у Вену азначае, што дамоўленасьці наконт прыезду назіральнікаў за «выбарамі» ўжо ёсьць. Прынамсі, прынятае рашэньне наконт кароткатэрміновых назіральнікаў.
Візыт ацэначнай місіі Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ па назіраньні за выбарамі (16-19 ліпеня) супаў з чарговай хваляй беспадстаўных арыштаў і судоў. (Дэманстратыўныя масавыя арышты ўжо стал іпрактыкай суправаджэньня візытаў міжнародных дэлегацый у Беларусь). Рэжым па-ранейшаму дэманструе сілу і «ненахіляльнасць». А вось што дэманструе АБСЭ, накіроўваючы сваіх назіральнікаў у Беларусь?
Перад накіраваньнем назіральнікаў БДІПЧ АБСЭ варта было б адказаць на некалькі пытаньняў:
Ці выкананая ў Беларусі хоць адна зь перадумоваў, неабходных для правядзеньня свабодных выбараў?
Калі не, то што будуць назіраць прадстаўнікі АБСЭ?
Ці здольная ў сёньняшніх беларускіх палітычных умовах АБСЭ даць станоўчую ацэнку выбараў?
Задача Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЭ – «забясьпечыць поўную павагу да правоў чалавека і асноўных свабод, дзейнічаць на аснове законнасьці, праводзіць у жыцьцё прынцыпы дэмакратыі і ў гэтай сувязі ствараць, умацоўваць і абараняць дэмакратычныя інстытуты, а таксама разьвіваць прынцыпы памяркоўных адносін у маштабах усяго грамадзтва».
Якім чынам будуць дасягнутыя гэтыя задачы прыездам місіі АБСЭ ў верасьні ў Менск?
Прыезд міжнародных назіральнікаў АБСЭ на гэтыя «выбары» ня будзе садзейнічаць правядзеньню свабодных выбараў. Наадварот, стане крокам да таго, каб беларуская сытуацыя закансэрвавалася, а значыць, свабодныя выбары ў Беларусі ніколі не адбыліся.
Пакуль палітвязьні падлічваюць колькасьць сутак, месяцаў, гадоў, што застаюцца да вызваленьня зь вязьніц, міжнародныя назіральнікі будуць падлічваць колькасьць «галасоў», пададзеных у падтрымку ляяльных да рэжыму апазыцыянэраў, што вырашылі не здымаць сваіх кандыдатур?
Накіраваньне назіральнікаў ад АБСЭ ў Беларусь – гэта, найперш, палітычны крок.
АБСЭ не зрабіла папярэдняй ацэнкі ўмоў правядзеньня свабодных выбараў у Беларусі ў 2012 годзе (на справе – адсутнасьці ўсялякіх умоў), нават не запатрабавала забесьпячэньня роўных умоў для ўсіх палітычных сілаў (у тым ліку палітвязьняў). У гэтай сытуацыі прыезд назіральнікаў АБСЭ азначае, што тэарэтычна выбары МОГУЦЬ БЫЦЬ ПРЫЗНАНЫЯ свабоднымі і справядлівымі (іначай які сэнс назіраць?).
Такім чынам, робяцца два пасланьні. Першае – беларускім уладам: «мы гатовыя гуляць па вашых правілах», другое – беларускаму дэмакратычнаму грамадзтву: «мы скрозь пальцы глядзім на рэпрэсіі, наяўнасьць палітвязьняў і пагаджаемся на чарговы раз прапанаваную ўладамі стратэгію ў дачыненьні да беларускай апазыцыі: «зьнішчыць «радыкальных», прылашчыць ляяльных».
Прыезд назіральнай місіі АБСЭ ва ўмовах, калі ў беларускіх турмах сядзяць палітвязьні, калі беларускі рэжым ня выканаў ніводнай умовы для правядзеньня свабодных выбараў, будзе азначаць легалізацыю гэтых выбараў. Зрэшты, хай бы сабе «апазыцыйныя лідэры» Х і Y нарэшце трапілі ў палатку, згодна з чарговымі абяцаньнямі ўладаў.
Але, на жаль, размова ідзе ня толькі і ня столькі пра легалізацыю палаткі, колькі пра легалізацыю практыкі рэпрэсій у дачыненьні да беларускай дэмакратычнай супольнасьці.
Выбар, які навязваюць беларускія ўлады дэмакратычным актывістам, вядомы: стаць лабістамі рэжыму, трапіць у вязьніцу альбо зьехаць з краіны. Прызнаньне тых правілаў гульні, якія рэжым навязвае ўсім беларусам – азначае ня проста легалізаваць палатку, але і канчаткова замацаваць у Беларусі практыку зьнішчэньня незалежнай апазыцыі, легалізаваць палітычныя рэпрэсіі ў нашай краіне.
Магчыма, заігрываньне з рэжымам падчас парлямэнцкай кампаніі 2012 году дапаможа зьнізіць градус палітычных рэпрэсій, наладзіць стасункі з Эўропай пасьля «выбараў»? Перакананы, што пры ўсёй моцы прыхільнікаў рэал-палітык у Эўропе станоўчая ацэнка беларускіх «выбараў» з боку АБСЭ немагчымая. А нэгатыўная ацэнка непазьбежна выклікае рэакцыю ў адказ – пагаршэньне стасункаў з ЭЗ і новыя рэпрэсіі. Лукашэнка зноў палічыць сябе «падманутым» эўрапейцамі.
Урэшце, як і за вынікі дэсанту цацачных мядзьведзікаў, так і за вынікі «дэсанту» назіральнікаў ад АБСЭ, адказ будуць трымаць беларускія дэмакраты.
Як для ўсіх грамадзянаў Беларусі, так і для эўрапейцаў, якія шчыра жадаюць свабоды і дэмакратыі для нашай краіны, выйсьце адно – падтрымаць кампанію байкоту «выбараў».