Актывісту БХД Ганчарэнку адмовілі ў праве на лекаванне за мяжой
Актывісту Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі, пацыенту Багушэўскага абласного сухотнага шпіталю Валеру Ганчарэнку адмовілі ў праве на лекаванне за мяжой. Аб гэтым яму ў адказе на яго зварот паведаміў галоўны пазаштатны фтызіятар Міністэрства аховы здароўя Беларусі прафесар Г.Л. Гурэвіч.
“У Беларусі лекаванне хворых на сухоты вядзецца ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі. Увесь пералік супрацьсухотных сродкаў, якія ўжываюцца ў свеце, маецца ў нашай краіне і выдаецца для грамадзян на бескарыснай аснове. Такім чынам, мэтазгоднасці ў накіраванні пацыентаў сухотных клінік з Рэспублікі Беларусь у замежныя клінікі няма”, – адзначыў прафесар.
Разам з тым, як адзначыў Валер Ганчарэнка, лекаванне ў Беларусі хворых на сухоты зводзіцца толькі да іх ізаляцыі ў памяшканні, падобныя да турэмных. “Не можаце лекаваць – дайце магчымасць весці нармалёвые чалавечае жыццё ў шпітальных мурах”, – падкрэсліў ён.
Паводле словаў актывіста, яшчэ 2,5 гады таму ў эфіры Польскага радыё быў зачытаны ягоны зварот с просьбай стварыць сухотныя гарадкі з усёй неабхднай інфраструктурай для сухотнікаў, але безвынікова. Пры гэтым працатэрапіі для жадаючых у шпіталях няма, а курэнне і выхад за межы лякарні забароненыя.
“Мінздар адной рукой лякуе, а дзвюма замінае весці нармалёвае чалавечае жыццё. За што такое пакаранне? Мы не злачынцы, а звычайныя грамадзяне, якія пастаўленыя ў невыносныя ўмовы”, – дадаў Валер Ганчарэнка.
Пры гэтым ён адзначыў, што хворыя вымушаныя ісці на скрайнія меры, у тым ліку галадаць, каб іх маглі пачуць неабыякавыя да гэтай праблемы людзі.