БХД смуткуе з прычыны гібелі на Кубе лідэра антыкамуністычнай апазіцыі
Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя смуткуе з прычыны гібелі на Кубе аднаго з лідэраў антыкамуністычнай апазіцыі, кіраўніка Хрысціянскага Руху “Вызваленне” Асвальда Паі (Oswaldo Paya), які загінуў у выніку ДТЗ.
У 2002 годзе кубінскі каталік-дысідэнт Асвальда Пая атрымаў прэмію Еўрапейскага парламенту “За свабоду думкі” імя Андрэя Сахарава. Яго вылучэнне тады падтрымаў і Малады Фронт, на чале з сённяшнімі лідарамі Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Паўлам Севярынцам і Аляксеем Шэінам.
“Асвальда Пая быў яскравым прыкладам таго, як мусіць сябе паводзіць хрысціянін у таталітарнай дзяржаве, якім мусіць быць хрысціянін-палітык. Асвальда Пая ніколі не баяўся, ён увасабляў сабой змаганне кубінскай апазіцыі. Мы ўсе ведаем, у якіх складаных умовах ідзе барацьба за свабоду на Кубе. Толькі за апошні час там ад галадоўкі загінулі некалькі выбітных актывістаў. Таму гэтая смерць будзе сур’ёзнай стратай для ўсёй свабоднай Кубы”, – адзначыў Аляксей Шэін.