Таццяна Севярынец: улады баяцца байкоту
Віцебская абласная каардынатарка аргкамітэту па стварэнні Партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя Таццяна Севярынец раскрытыкавала намер дэмакратычных актывістаў стаць кандыдатамі ў дэпутаты.
“Я з неразуменнем стаўлюся да ўсіх палітыкаў, якія ўдзельнічаюць у гэтым цырку. Але асабліва непрыемнай навіной для мяне стала вылучэнне спадара Мілінкевіча. У сваім звароце, ён кажа пра дуліну ў кішэні, якая абернецца кукішам ад простых беларусаў. Але гэта звычайная падмена паняццяў. Бо ў сённяшніх умовах ісці на выбары – гэта значыць падыгрываць уладам. Калі б не было Плошчы 19 снежня, не было б палітвязняў, яшчэ б можна было паўдзельнічаць у выбарах, але гэта ўсё было і таму ўдзел проста непрымальны”, – адзначыла яна.
“Крыўдна за палітвязняў, якія сядзяць у зняволенні, за тых, хто штохвіліну пакутвае за нас. І яны будуць і далей цярпець, бо шмат хто з тых, хто сёння на волі, хто разам са сваімі любімымі, за нейкія дывідэнды спакусіліся на ўдзел у выбарах. У сённяшніх умовах ісці на выбары і падыгрываць уладам – гэта значыць здраджваць сваім прынцыпам і абяцанням не ўдзельнічаць у выбарах, якія ўсе давалі яшчэ год таму. Але мінуў год і ўсё кардынальна змянілася, усе прынцыпы і абяцанні адразу ж забыліся”, – падкрэсліла Таццяна Севярынец.
“Улады баяцца байкоту. Пра гэта сведчаць пераслед, з якім ужо сутыкнуліся шматлікія прыхільнікі, у тым ліку Алена Семенчукова і Яўген Гуцалаў з Віцебску. Мы павінны байкатаваць, і байкатаваць не толькі гэтыя выбары, але і ўвесь рэжым, усе яго рашэнні. Усе, хто сёння выступае за байкот, хто не ўдзельнічае ў выбарах, вартыя павагі”, – заявіла кіраўнік Віцебскай абласной арганізацыі БХД.
Таццяна Севярынец таксама раскрытыкавала меркаванне, што за байкот выстпуаюць толькі тыя, у каго няма рэсурсаў для ўдзелу ў выбарах. “Хто б казаў. За байкот выступаюць тыя, у каго і людзі ёсць, і сумленне. Тыя, хто вольны ад суцяжніцтва, ад залежнасці ад грошаў, тыя, хто адчуў годнасць і хоча, каб і астатнія маглі людзьмі звацца”, – адзначыла яна, падкрэсліўшы, што структуры БХД ёсць па ўсёй Віцебскай вобласці, у той час як у шэрагу партый і арганізацый нават у Віцебску ёсць толькі адзін-два жывых людзей.
Таксама Таццяна Севярынец, адзначыўшы байцовую натуру Мікалая Статкевіча, разам з тым заклікала тых, хто не супрацоўнічаў з ім ні да 19 снежня, ні пасля, не прымазвацца да яго.