Георгі Дзмітрук: эканомікай кіруюць калгаснікі

01 жніўня 2012 11:40  |  Галоўныя навіны

У Беларусі 1 жніўня ў чарговы раз перад “выбарамі” падвысілі пенсіі, дапаможныя выплаты і бюдэт пражыццёвага мінімуму, каб нарэшце прыбыткі грамадзян наблізіліся да запаветных 500 даляраў, якія ўжо не першы год абяцаюць улады. Дадзеную сітуацыю пракаментаваў сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя, эканаміст Георгі Дзмітрук.

 

“Падвышэнне заробкаў без падвышэння эфектыўнасці – гэта абсалютны тупік. Заробкі павінны расці толькі ў залежнасці ад росту эфектыўнасці працы. Інакш рост заробкаў спрычыніцца толькі да росту коштаў, які будзе выкліканы часовым ростам пакупніцкай здольнасці насельніцтва. Пасля ж гэтага у выніку росту цэн увесь гэты часовы дабрабыт грамадзян скончыцца”, – адзначыў ён.

 

Георгі Дзмітрук падкрэсліў, што для росту заробкаў неабходна, каб расла эфеткыўнасць працы работнікаў і вытворчасць прадпрыемстваў. А для гэтага, паводле яго словаў, неабходныя сур’ёзныя і глыбокія рэформы ў эканоміцы, у тым ліку і на рынку працы, у выніку якіх прадпрыемствы здолеюць больш свабодна наймаць і звальняць супрацоўнікаў і накіроваўць атрыманыя сродкі на рост вытворчасці і заробкаў. “Камандна-адміністратыўная сістэма на гэта няздольная. І спробы ўладаў падвысіць заробкі загадамі проста смешныя. Мы ўжо бачылі, да чаго прывялі такія спробы”, – заявіў сустаршыня БХД.

 

Эканаміст таксама задаўся пытаннем, чаму ўлады абяцаюць узняць заробкі да 500 даляраў, а не да 1,5 тысяч. “Цэны на тавары ў Беларусі ўжо значна большыя, чым у Еўропе і суседніх краінах, якія пайшлі па шляху рынкавых рэформ і ў якіх цяпер сярэдні заробак складае каля 1000 даляраў. У такім разе заробкі ў Беларусі неабходна падвышаць да 1,5 тысяч, а не да 500 даляраў. І гэта яшчэ раз даказвае, што эканомікай нашай краіны кіруюць калгаснікі”, – падкрэсліў ён.

 

Апроч таго, Георгі Дзмітрук пракаментаваў заяву старшыні Нацбанка Надзеі Ермаковай аб набліжэнні дэфолту ЗША. “Гэтая заява вельмі нагадвае біблейскую прыпавесць пра бервяно ў воку. Перад тым як шукаць стрэмку ў воку суседа, спадарыні Ермаковай было б варта разабрацца з бервяном у сваім”, – лічыць сустаршыня БХД.

Болей навін