Актывістак БХД аштрафавалі за байкот
Суд Савецкага раёна Менска аштрафаваў актывістак аргкамітэту БХД Галіну Каржанеўскую і Іну Лойку на тры базавыя велічыні (300 тысяч рублёў) кожную.
Пры гэтым, як адзначылі самі актывісткі, яны чакалі больш жорсткага прысуду. “Ну што ж, з пенсіі я гэта пацягну. Калі правіннасць невялікая, то і сума пад’ёмная”, – сказала Галіна Каржанеўская.
“Даволі мяккі прысуд. Мы рыхтаваліся да горшага”, – падкрэсліла Іна Лойка.
Пры гэтым Галіна Каржанеўская адзначыла, што ў судзе заўважыла падтасоўку ў паказаннях нейкага Багданава, які сказаў, што ставіў подпісы за палітвязняў і ў яе, і ў Іны Лойку, а за зарэгістраваную прэтэндэнтам у дэпутаты Марыну Хоміч яму ніхто не прапанаваў падпісацца. “Ён проста не мог ставіць подпісы ў дзвюх чалавек. Альбо ў мяне, альбо ў Іны”, – сказала яна.