БТ не пакажа “кандыдатаў у дэпутаты”, якія заклікаюць да Байкоту “выбараў”

27 жніўня 2012 16:02  |  Палітыка

Некаторыя кандыдаты ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі злоўжываюць правам на перадвыбарчую агітацыю. Пра гэта заявіў 27 жніўня сакратар ЦВК Мікалай Лазавік. Паводле яго слоў, гэта ставіцца да выпадкаў, калі праграмныя выступы кандыдатаў ўтрымлівалі заклікі да байкоту парламенцкіх “выбараў”.

 

Перадвыбарчыя выступы кандыдатаў у дэпутаты пачалі запісваць у канцы мінулага тыдня, нагадаў Мікалай Лазавік. Паводле яго слоў, ад акруговых выбарчых камісій ужо паступаюць у ЦВК звароту ў сувязі з тым, што некаторыя кандыдаты падмяняюць перадвыбарчую агітацыю агітацыяй па іншых матывах, перадае БелТА.

 

“Знаходзяцца грамадзяне, якія хочуць за дзяржаўны кошт агітаваць за антыдзяржаўныя мерапрыемства, за зрыў выбарчай кампаніі”, – сказаў сакратар ЦВК. Ён адзначыў, што гэта супярэчыць выбарчаму заканадаўству, якое прадугледжвае перадвыбарчую агітацыю, накіраваную на падахвочванне выбаршчыкаў да ўдзелу ў выбарах, у галасаванні, а не наадварот.

 

Мікалай Лазавік спаслаўся на артыкул 155 Выбарчага кодэкса Беларусі, дзе вызначаецца, што такое перадвыбарная агітацыя. Гэта дзейнасць грамадзян Беларусі, палітычных партый, іншых грамадскіх аб’яднанняў, працоўных калектываў, кандыдатаў, іх давераных асоб, якая мае на мэце заахвоцiць або заахвочвае выбаршчыкаў да ўдзелу ў выбарах, галасавання за тых ці іншых кандыдатаў ці супраць іх, сказана ў гэтым артыкуле кодэкса.

 

Па словах сакратара ЦВК, калі хтосьці агітуе за байкот, гэта, можа быць, і не з’яўляецца парушэннем грамадзянскага, адміністрацыйнага, крымінальнага заканадаўства. “Да самога кандыдату ў дэпутаты ніякіх санкцый прымяняцца не будзе, але яго выступ у эфір не пойдзе”, – сказаў Мікалай Лазавік.

Болей навін