Ярмошына адказала Вользе Кавальковай: бюлетэні незаконна надрукаваныя на ўсіх 110 выбарчых акругах (фота)

28 жніўня 2012 10:06  |  Галоўныя навіны

Актывістка Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Вольга Кавалькова, якая сфатаграфала бюлетэні, надрукаваныя яшчэ да сканчэння рэгістрацыі “кандыдатаў у дэпутатаў”, атрымала адказ ад старшыні ЦВК Лідыі Ярмошынай.

 

У адпаведнасці з практычным дапаможнікам для акружных выбарчых камісій, зацверджаных пастановай Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў № 10 ад 26.04.2012, пункт 14.3, тэкст бюлетэню па выбарчай акрузе акружная камісія зацвярджае адразу пасля рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты. 22 жніўня г.г. акружная выбарчая камісія па Шабаноўскай выбарчай акрузе правяла рэгістрацыю і зацвердзіла тэкст бюлетэню. Падобным чынам зрабілі ўсе акружныя выбарчыя камісіі. У выпадку змены складу кандыдатаў у тэкст бюлетэню будуць унесеныя адпаведныя змены“, – гаворыцца ў адказе ад 24 жніўня.

 

Разам з тым намеснік Ярмошынай Мікалай Лазавік 23 жніўня заявіў, што “ніякага друку выбарчых бюлетэняў на дадзеным этапе парламенцкай кампаніі ў прынцыпе быць не можа. Тэхналагічна бюлетэні неабходна пачынаць вырабляць так, каб паспець да пачатку датэрміновага галасавання, да якога, як мы ведаем, часу яшчэ больш чым дастаткова – такой неабходнасці проста няма”. “Больш за тое, ніхто не стане друкаваць бюлетэні не тое што да заканчэння працэдуры рэгістрацыі кандыдатаў, але і да таго моманту, калі скончацца апошнія працэдуры абскарджання рашэнняў акруговых камісій – бо Цэнтрвыбаркам, пры наяўнасці важкіх падстаў, можа адмяніць рашэнне любога акруговага выбаркама аб адмове ў рэгістрацыі . Акрамя таго, прадугледжана і працэдура судовага абскарджання“, – падкрэсліў ён.

 

Сітуацыю з двума дыяметральна супрацьлеглымі рэакцыямі кіраўніцтва ЦВК каментуе сама Вольга Кавалькова:

 

ЦВК у сваім адказе ад 24 жніўня пацвердзіў факт друку бюлетэня. Вядома ж, як і самі «выбары», факт апынуўся «законным». У пацверджанне «законнасці» дзеянняў акруговай камісіі старшыня ЦВК спасылаецца на нейкі практычны дапаможнік для акруговых выбарчых камісій, зацверджаны самім ЦВК. Вось толькі той факт, што дадзены дапаможнік не знойдзены мной на іх сайце, сведчыць аб тым, што ён выдаваўся для службовага карыстання вузкага кола асоб і падправіць у ім любы пункт у любы момант таксама нескладана, як надрукаваць у WORD «неіснуючы» бюлетэнь.

 

Гэтак жа смешна выглядае фраза адказу Ярмошынай “… Падобным чынам паступілі ўсе акруговыя выбарчыя камісіі”.

 

Тут ўзнікае шэраг пытанняў:

 

– Усе астатнія кандыдаты дрэнна глядзелі на стол старшыняў камісіі або гэтыя 109 камісій іх хавалі?

 

– Чаму ні старшыня Шабаноўскай акруговай камісіі, ні яе сябар, які дзяжурыў падчас майго прыходу, не змаглі мне растлумачыць законнасць друку дадзенага бюлетэня?

– Сябры камісіі дрэнна знаёмыя з практычным дапаможнікам для іх жа складзеным? Ці там не было такога пункта?

 

Аднак адказ на іх адзін: усе астатнія камісіі таксама парушылі і сфальшавалі бюлетэні (зыходзячы з адказу ЦВК) да заканчэння рэгістрацыі кандыдатаў, але ім вядома за гэта нічога не будзе, таму што ўсе «законна».

 

Відавочна яшчэ тое, што Лазавік у сваіх абвяржэннях друку бюлетэняў да заканчэння рэгістрацыі кандыдатаў і Ярмошына пра іх «законнасць» відавочна забрахаліся. Па іх афіцыйных каментарах складваецца ўражанне, што яны працуюць у розных ЦВКах і кіруюцца рознымі нарматыўна-прававымі актамі, якія рэгулююць выраб бюлетэняў і правядзенне «выбараў» у цэлым“.

 

Ярмошына адказала Вользе Кавальковай: бюлетэні незаконна надрукаваныя на ўсіх 110 выбарчых акругах (фота)

 

Ярмошына адказала Вользе Кавальковай: бюлетэні незаконна надрукаваныя на ўсіх 110 выбарчых акругах (фота)

Болей навін