Віталь Рымашэўскі: Новаму прысуду над Дашкевічам паспрыялі тыя, хто мецілі заняць месца ў «палатцы»
У Глыбоцкай калёніі адбыўся выязны суд над лідэрам «Маладога фронту» Зьмітром Дашкевічам. Яга зьвінавацілі ў непадпарадкаваньні адміністрацыі калёніі і прысудзілі да зьняволеньня на адзін год. Раней Зьміцер Дашкевіч быў асуджаны на два гады турмы і мусіў заставацца за кратамі яшчэ чатыры месяцы. Цяпер выйсьці на волю Зьміцер Дашкевіч зможа не раней за 28 жніўня 2013 году. Новы прысуд лідэру «Маладога фронту» Зьмітру Дашкевічу камэнтуе былы палітвязень, адзін з сустаршыняў БХД Віталь Рымашэўскі:
«Што тычыцца выніку суду над Зьмітром Дашкевічам, то адбылася вельмі чаканая рэч. І я думаю, што новаму прысуду паспрыялі ўсе тыя, хто мецілі заняць месца ў „палатцы“. Яны паспрыялі новым прысудам — тыя, хто хлусіў, бессаромна, праводзячы гэтую так званую выбарчую кампанію, падманваючы беларусаў, што, нібыта, у парлямэнт можна быць абраным, а не прызначаным. І я кажу пра беларускіх апазыцыянэраў, бо калі гэта робіць улада, то гэта чакана, а калі гэта робяць тыя, хто называе сябе апазыцыянэрамі, і яшчэ кажуць, што яны, нібыта, абараняюць людзей, то гэта проста ганьба».