У Берасьці актывісты БХД «зьбіралі грошы для Сашы ў Гаагу»
У Берасьці моладзевыя актывісты БХД зладзілі акцыю «Зьбіраем грошы для Сашы ў Гаагу».
Каля польскага кансуляту была выстаўленая скрыня з надпісамі пра збор грошай «на падарожжа да Гаагі».
Як апавёў «Свабодзе» актывіст, які назваўся Сяргеем, акцыя насіла сымбалічны сэнс:
«Мы ня мелі на мэце зьбіраць там нейкія грошы. Тут галоўнае — каб людзі праз абсурд пабачылі, які абсурд чыніць кіраўнік Беларусі, і якія наступствы гэта можа мець для яго. Я кінуў першы нейкую драбязу ў скрыню з надпісамі па-польску і па-беларуску „Пакінь яму грошы на вандроўку ў Гаагу“ і „Зьбярэм грошы разам“. Адразу ж я пабачыў, як побач мужчыны засьмяяліся, прачытаўшы надпісы».
Акцыя адбылася а 15-й гадзіне каля польскага кансуляту, калі там была вялікая чарга людзей за візамі. Людзі з ўсьмешкай успрынялі яе, аднак рэакцыі міліцыянтаў кажа Сяргей, ён не чакаў і сыйшоў, каб унікнуць затрыманьня.