Павал Севярынец адказаў на пытаньні наведвальнікаў Радыё Свабода

10 верасня 2012 09:32  |  Галоўныя навіны

Сустаршыня Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі, палітвязень Павал Севярынец адказаў на пытанні наведвальнікаў Радыё Свабода.  

Імя:: Наіў
06.09.2012 12:42
Слава Ісусу Хрысту!

Павал, з якой мэтай ты заклікаеш людзей хадзіць у аддзел прапаганды і ідэалогіі крамля (б.рпц)?

Які адсотак каньюктурнасьці прысутнічае ў руху БХД на тваю думку?

Ці можа актывіст БХД быць атэістым?

Чаго болей у БХД, хрысьціянства ці дэмакратыі?

Антыцаркоўныя праявы і выступы ў Расеі, гэта заканамернасьць ці выключнасьць?

Дзякуй за шчырыя адказы!

Імя:: Павал Севярынец

07.09.2012 12:55
Навекі слава, амін. 

Царква — гэта супольнасьць людзей, якія вераць у Хрыста, а не аддзел, будынак ці канфэсія. 

Ісус кажа ў Эвангельлі, што брамы пекла царквы не адолеюць. 

Беларуская хрысьціянская дэмакратыя – гэта прынцыповая партыя, бо заснаваная на каштоўнасьцях. Адстойваньне свабоды, праўды, справядлівасьці – гэта стратэгія БХД. Любы грамадзянін Рэспублікі Беларусь, які падзяляе статуты і праграму партыі БХД, можа быць нашым сябрам. Некаторыя няверуючыя, дарэчы, пасьля тлумачэньняў навяртаюцца. 

Беларуская хрысьціянская дэмакратыя – гэта трыяда беларускасьці, хрысьціянства і дэмакратыі, але ў сярэдзіне назвы і ў сэрцы партыі – хрысьціянскія каштоўнасьці. Гэта, безумоўна, найважней. 

Змаганьне вакол царквы і, дарэчы, ў самой царкве будзе заўжды, бо гэта сарцавіна любой эпохі, любога народа і любога грамадзтва. 


Імя:: Іван Горад:: Кобрын

06.09.2012 12:44
Павал, ці праўда, што Вам таксама не падабаецца ідэя байкоту, але БХД ужо няма куды адступаць. Проста мне казалі, што ў размовах з сябрамі вы аб гэтым гаварылі і мне цікава: ці так гэта на самой справе. Дзякуй.
Імя:: Павал Севярынец

07.09.2012 12:58
Не, гэта ня так. Беларуская хрысьціянская дэмакратыя, у адрозьненьні ад большасьці апазыцыйных партыяў, пасьлядоўна, пачынаючы зь леташняга зьезду, выступала за байкот, – бо выбараў няма. Гэта сумленная і адказная хрысьціянска-дэмакратычная пазыцыя. Падрабязна пішу пра гэта ў наступным сваім эсэ ў “Нашай Ніве”. 

Беларускі народ гэтыя “вырабы” (я іх называю ня выбары, а “вырабы”, бо там вырабляюць тых дэпутатаў) байкатуе. І байкатуе ўжо цяпер. Таму галоўная задача дэмакратычных сілаў і БХД – гэты народны байкот зафіксаваць. Выкласьці ўсе факты гвалту, прымусу на датэрміновым галасаваньні, выявіць махлярства зь бюлетэнямі і скрынямі. Карацей, “ускрыць” зло, каб Беларусь яго пабачыла і жахнулася.


Імя:: Natalia Горад:: Vitebsk

06.09.2012 13:21
Павал! Вельмі ўражаная Вашай мужнасцю!
Скажыце, якія ў вас стасункі з Рымашэўскім? У якім стане зараз БХД? І што вы плануеце ў плане партыйнай дзейнасці пасля вызваленння?

Жыве Беларусь!

Імя:: Павал Севярынец

07.09.2012 13:01
Толькі ўчора бачыўся зь Віталём. Ён вельмі шмат робіць для БХД. Мы – сябры па партыі і браты ў царкве. 

БХД мусіць стаць народнай партыяй з хрысьціянскім сэрцам. Дзеля гэтага трэба разгарнуць шырокія сацыяльныя кампаніі, стварыць беларускі інстытут хрысьціянскай дэмакратыі, упарадкаваць арганізацыйную працу. Па вызваленьні думаю аб’ехаць рэгіёны, умацаваць інфармацыйна-асьветніцкую дзейнасьць. Я ў будучыні БХД бачыцца мне як самая масавая і моцная беларуская палітычная сіла, якая адстойвае хрысьціянскія каштоўнасьці і нацыянальныя інтарэсы. 


Імя:: Віталь

06.09.2012 13:25
Вітаю, Павал!

Скажыце, калі ласка, ці адчуваеце Вы, як і раней, у самым пачатку Вашага прыбывання ў Купліне, падтрымку мясцовых жыхароў, ці не скончылася тая хваля салідарнасці з Вамі, пра якую Вы распавядалі ў свае першыя месяцы зняволення?

І другое пытанне. У пачатку стагоддзя Вы ўзначалілі абарону Курапатаў і адстаялі гэтае святое месца. Такім жа святым месцам для жыхароў Пружаншчыны, але меншага маштабу, з’яўляецца вёска Ласасін пад Ружанамі, пад якой у братэрскай магіле пахавана 40 паўстанцаў Кастуся Каліноўскага, якіх расейскія карнікі забілі 24 траўня 1863 г. Мяцовыя актывісты аднавілі помнік і ў 1989, і ў 2000 годзе пасля таго як ён быў растраляны авіяцыяйю Але зараз шмат хто з гэтых актывістаў пайшоў з жыцця, астатнія састарэлі, моладзевых актывістаў на Пружаншчыне альбо няма, альбо яны хаваюцца, а помнік занядбаў. Ці гатовыя Вы, пасля свайго вызвалення ва ўдзячнасць мясцовым жыхарам за дапамогу, ўзначаліць рух па добраўпарадкаванню гэтага помніка, ці можа Брэсцкая альбо Мінская суполкі БХД заняцца атрыманнем дазволу на правядзенне памінальнага малебну на гэтым месцы (помнік месціцца на вайсковым палігоне і афіцыйна яго можна наведаць толькі пасля атрымання дазволу), арэндаванні транспарту па дастаўцы людзей на гэтая мерапрыемства і г.д.

Дзякуй.

Імя:: Павал Севярынец

07.09.2012 13:04
Падтрымка расьце. Штотыдзень прыяжджае шмат людзей, падтрымліваюць у царкве, у той жа самай камэндатуры, на працы. Тысячы лістоў, сотні наведнікаў. Зьявілася шмат новых сяброў. Беларуская салідарнасьць – гэта рэальнасьць. 

Рух, пра які Вы кажаце, патрэбны ў маштабах усяе Беларусі. Вельмі шмат занядбаных помнікаў і гістарычных мясьцінаў. 

А Ласасін, я думаю, не пакінем. Пасьля вызваленьня – неабыякавым трэба будзе сабрацца. 


Імя:: Voleczka Горад:: G.

06.09.2012 13:32
Кажуць, што дзеля кахання чалавек гатовы на ўсё. Паша, а ты дзеля кахання на што гатовы? Ты змог бы з’ехаць за мяжу? Ці падпісацца пад памілаваннем?
Імя:: Павал Севярынец

07.09.2012 13:04
Мне вельмі хацелася б быць гатовым на ўсё дзеля Бога. Веру, што каханая гэта зразумее:)

Імя:: Цікаўны

06.09.2012 13:39
Што вы думаеце пра гэтую выбарчую кампанію? Ці верыце ў вэрсію, што затрыманых 19 сьнежня выпускалі пры ўмове, што яны возьмуць удзел у выбарах? Вам такое прапаноўвалі?
Імя:: Павал Севярынец

07.09.2012 13:06
Пра кампанію гэтага году адказваў вышэй. 

Што тычыцца кампаніі 2010 году, там Беларуская хрысьціянская дэмакратыя ўпершыню выступіла як палітычная сіла нацыянальнага маштабу. І гэта плюс. Але разгром Плошчы і далейшыя рэпрэсіі – гэта, вядома, мінус. 

Мне выбірацца ў Палату прадстаўнікоў не прапаноўвалі, але цікавіліся прэзыдэнцкімі плянамі. 🙂


Імя:: Беларус Горад:: Менск

06.09.2012 13:48
Добры дзень Павал.Дзякуй Вам за стварэнне МФ.У мяне некалькі пытанняў :
1. Як Вы саздавалі малады фронт ?
2. Як пабядзіць рэжым ?
3. Як срабіцца такім моцным як Вы?
Імя:: Павал Севярынец

07.09.2012 13:20
1. “Малады фронт” мы стваралі на хвалях мітынгаў: вясны-96, і далей – вясны 97-га году. Час быў бурлівы – захоплівала дух. У лютым 1997 у супольнасьці фронтаўскай моладзі мы вырашылі, што БНФ ужо выдыхаецца, і патрэбны магутны маладзёвы рух. Задумалі зь сябрамі шэраг акцыяў, намаляваў я ўлётку вершніка зь бел-чырвона-белым сьцягам і заклікам далучацца – так, дарэчы, упершыню і зьявілася імя “Маладога фронту”. Пачалі расклейваць. Скочка стварыў дружыну, вельмі дапамагаў Вячаслаў Сіўчык. Вельмі шмат было ахвярных, герояў – пералічваю іх імёны і саму гісторыю старэньня “Маладога фронту” ў кнізе “Пакаленьне “Маладога фронту” “. Чытайце на сайце http://mfront.net/. 

2. Перамога будзе тады, калі ў Беларусі нарэшце набярэцца пэўная крытычная маса людзей, адкрытых Хрысту. 

3. Як і любы чалавек, я моцны ня сам па сабе, а толькі з Богам. Два галоўныя правілы – верыць і любіць.


Імя:: Mikit Горад:: slonim

06.09.2012 15:14
Вiтаю Павал!!!некалькi пытаньняу:
1.Як вы ставiцеся да панку,металлу,альтэрнатывы,рэпкора???
2.Цi cпадапауся вам альбом Ляпica Рабкор,i як вы ставiцеся да зьменау якiя адбылicя з гэтым гуртом у апошнiя гады???
3.Як вам фiльм Вышэй за неба???
4.Цi не падаецца вам что Брэссан калi гуляе за зборную большы патрыет Беларусi чым некаторыя карэнныя гульцы-беларусы.
5.Я усе ж лiчу што нам трэба зноу пачынаць звацца лiтвiнамi,а вы???
6.як вам аббрэвiaтура ШОС???
Імя:: Павал Севярынец

07.09.2012 13:22
1. Насамрэч большасьць маладафронтаўцаў майго пакаленьня – гэта якраз рокеры, мэталісты, нефармалы, таму N.R.M., “Мясцовы час”, “Тэзаўрус” – гэта былі нашы гімны. 

2. “Рабкор”, на жаль, пакуль ня чуў, але “Грай” і “Ня быць скотам” – гэта цуд. Увогуле, зьмены Ляпіса Трубяцкога ад эстраднага папсавіка да нацыянальных гімнаў – гэта эпахальная рэч. Згодны з Пазьняком — агучыўшы Купалу, Міхалок вырас да трубадура нацыянальнага руху. 

3. На жаль, няма дзе паглядзець у нас: кіно “Вышэй за неба” тут не паказваюць. 

4. Брэсан часам робіцца ўзорам і дакорам для беларусаў – факт. Калі б яшчэ ён па-беларуску загаварыў… 🙂

5. Ліцьвіны, крывічы, беларусы – гэта ўсё мы. Ліцьвінская сьвядомасьць, на мой погляд, не павінная супрацьпастаўляцца беларускай, а мусіць умацоўваць яе. Калі хочаце, надаваць ёй “стрыжань”. Галоўнае – “людзьмі звацца”. 

6. Наш адказ рэжыму ў форме абрэвіятуры – гэта МФ, або БХД. 🙂


Імя:: Александр Колядко Горад:: Гомель

06.09.2012 16:00
Паважаны спадар Павал!
Позвольте задать Вам вопрос, который уже традиционно задаю гостям «Свабоды».
Готовы ли Вы поддержать коллективное требование белорусских блогеров о созыве Всебелорусского народного собрания НА ПОДЛИННО ДЕМОКРАТИЧЕСКОЙ ОСНОВЕ?
Речь, таким образом, идет не о номенклатурном собрании, коих мы видели уже четыре, а о собрании, делегаты которого ВПЕРВЫЕ должны быть избраны на основе всеобщего, равного и прямого избирательного права путем тайного голосования (причем под жестким общественным и международным контролем), а само собрание – наделено полномочиями ставить и обсуждать вопросы исключительно по усмотрению самих делегатов и принимать по ним решения, равнозначные решениям республиканских референдумов.
Соответствующие материалы Вы можете найти по ссылке:
http://kolyadko.livejournal.com/42254.html
С искренним уважением,
Александр Колядко и другие подписанты (на данный момент – 226 человек).
ЖЫВЕ ДЭМАКРАТЫЧНАЯ БЕЛАРУСЬ!
СЛОВО – НАРОДУ!
Імя:: Павал Севярынец

07.09.2012 13:24
Магчыма, ініцыятыва Ўсебеларускага народнага сходу (а ён насьпеў) пойдзе зь сеціва. Калі пачнецца канкрэтыка, думаю, гэта можна будзе падтрымаць.

Імя:: Сяргей Горад:: Узда

06.09.2012 17:05
Назавiце, калi ласка, асноўныя адрозьненьнi памiж КХП i БХД? Можа не было сэнсу ствараць БХД?
Імя:: Павал Севярынец

07.09.2012 13:25
Найперш, БХД як клясычная хрысьціянская дэмакратыя першай з сучасных беларускіх партыяў пачала масавую палітычна-асьветніцкую працу зь вернікамі хрысьціянскіх канфэсій. 

Тут мы стараемся быць спадкаемцамі легендарнай БХД 1920-30-х гадоў, якую, між іншым, засноўваў Ян Пазьняк. 

Адрозьненьні… Для КХП найважней патрыятызм, для БХД – хрысьціянства. КХП, хутчэй, эўраскептыкі, БХД, хутчэй, эўрааптымісты. КХП – ўзроставая партыя, БХД – маладая. Ну і, урэшце, КХП зарэгістраваная ў Міністэрстве юстыцыі, а БХД усё аніяк не рэгіструюць. 

А яднацца ўсім незалежніцкім сілам трэба. У нас з той жа самай КХП шмат агульнага. Зянона Пазьняка я дагэтуль лісу найбольш пасьлядоўным і моцным выразьнікам беларускіх нацыянальных інтарэсаў. 


Імя:: Svě Горад:: Pardubice, Czechia

06.09.2012 17:25
Дарагі Паўле, Малады фронт святкуе 15 гадавіну. Думаю, што як “айцец-заснавальнік” можаш адчуваць гонар над сваім “дзіцем”. Для кожнага бацкі вельмі прыемна бачыць, што ягонае дзіця расце і спее, гэта сведчыць пра добрую аснову і добрыя манеры, якія бацкі перадалі сваім нашчадкам. А гэтыя твае нашчадкі цябе сапраўды ганьбы не рабяць. 🙂

Дзякуй за тваю працу, Пашу. Дзякуй за тваю цярплівасць ды трывалась. За тваю любоў да краіны, якую нешматлікія любяць, за любоў да народу, які часам нават сам сябе не любіць. За тваю веру, што тот, хто сатварыў увес сусвет, трымае ўладу ў сваіх руках і ў сваім часе з’явіць сваю славу ў Беларусі.

Трымайся моцна і да сустрэчы!
Жыве Беларусь – жыве з Богам!

Імя:: Павал Севярынец

07.09.2012 13:27
Вялікі дзякуй, Svě. Вельмі Вас любім. Жыве Беларусь! Жыве з Богам!

Імя:: Serg

06.09.2012 18:14
Шаноўны Павал,

якое ты бачыш асноўнае адрозненне ў жыцці людзей у няволі на хіміі і ўсіх астатніх?

Дзякуй.

Імя:: Павал Севярынец

07.09.2012 13:27
“Хімія” – гэта абмежаваньне волі. Тут распарадак. Тут – прымусовая праца. Але ўрэшце побач такія ж беларускія людзі, звычайныя, пераважна маладыя хлопцы.

Імя:: Стары беларус Горад:: ВКЛ

06.09.2012 21:09
…«Камунізм пад трыбунал!» — толькі па назвах акцыяў можна вывучаць гісторыю найноўшай Беларусі.

-Гэта ПИАР,або (НЯУЖО!?)-адукацыя на узроуне нижэй за пачатковую школу!? Як можна судзиць тое, чаго небыло и быць не можа -бо небыло и няма людзей, якия б мели СУМЛЕННЕ ” ад утробнага да загробнага стану!” и стварыли б камунистычнае грамадства…

Імя:: Павал Севярынец

07.09.2012 13:29
Камунізм у Беларусі ў савецкія часы насаджалі, прычым гвалтоўна, вар’яцкімі мэтадамі. І мільёны беларусаў былі зьнішчаныя. Вось гэта зло – і саму ідэю і яе ўвасабленьне – маладафронтаўцы патрабуюць аддаць пад Міжнародны трыбунал, на узор Нюрнбэргу. 

Я зьвяртаю Вашу ўвагу, што маладое пакаленьне, якое сталася ініцыятарам гэтай кампаніі (і Дашкевіч, і Палажанка, Яроменак, Васільеў, Крамянецкі, Дземідзенка), гэтыя страшныя наступствы камунізму разумее. Хаця гэтыя людзі пры камунізьме, лічы, не жылі. А многія старэйшыя беларусы па тых часох нават сумуюць. 

Тут трэба ўсенароднае пакаяньне. 


Імя:: Мядзведзь-балалаечнік

07.09.2012 01:11
Павал, пры якіх умовах вы б згадзіліся вылучыць сваю кандыдатуру на бліжэйшых выбарах прэзідэнта, і пры якіх умовах ня станеце гэтага рабіць?
Імя:: Павал Севярынец

07.09.2012 13:30
Ведаеце, у нас і так столькі кандыдатаў у прэзыдэнты… прычым сярод іх ёсьць годныя і моцныя людзі. 

Мне хацелася б бачыць лідэрам дэмакратычнага руху і кіраўніком беларускай дзяржавы чалавека, які верыць у Бога і любіць Беларусь. 


Імя:: Віктар Горад:: NY

07.09.2012 09:29
Сёння дзень нараджэння Віктара Ганчара. Ён Вас напэўна пачуе, што б Вы хацелі б яму пажадаць на яго 53 дзень народзінаў?
Імя:: Павал Севярынец

07.09.2012 13:33
Віктар Ганчар хацеў, каб Беларусь была вольнай і дэмакратычнай. І за гэта заплаціў вельмі вялікі кошт. Чалавеку, які змагаўся за праўду і ахвяраваў сабой, можна пажадаць толькі быць з Богам.

Імя:: Таццяна Горад:: Пяршай

07.09.2012 10:09
Дарагі і шаноўны Павал!

Шчырая падзяка за Вашы нарысы, што друкуеце ў “Н.н.”, яны як глыток жывой вадзіцы ў затўхлай нашай рачаіснасці.
Здароўя, рлёну і Перамогі!

Скажыце, калі ласка, ці не думаеце Вы, што на Пружаншчыне беларускасць больш жывая, чым у Малым Сіціне, дзякуючы ўплыву касьцёла. Ці не бачыце Вы, што РПЦ, сапраўды, ёсьць праваднік імперска-каланіяльных памкненняў. Дзякую за адказ на гэтыя нязручныя пытанні.

Ці магчыма ў сучасных умовах “взять власть в свои руки”,,
стварыўшы урад і абвясціўшы яго адзінай уладай?

Ці змаглі Вы ў сваім куплінскім асяроддзі пабольшыць шэрагі прыхільнікаў БХД?

Мой рэспект ВАм, як кажуць тутэйшыя журналісты.

Імя:: Павал Севярынец

07.09.2012 13:34
Дзякуй за добрыя словы, Тацьцяна. 

Так, беларускасьць на Пружаншчыне хутчэй жывая, чым паўмёртвая на мяжы з Расеяй. Але тут, акрамя касьцёлу, яшчэ і ўплыў уніі адчуваецца, і Польшча , і пушча побач…

Наконт РПЦ: думаю, урэшце беларускае праваслаўе справіцца з імпэрскімі памкненьнямі Масквы, і хутчэй гэта Беларусь будзе ўплываць на Расею праз царкву. 

Калі мы паверым Богу і будзем здольныя ў Ягоных вачох узяць адказнасьць за ўсю краіну, рэжым зьнікне, як дым. Тады – ўсё магчыма. 

Так, БХД тут зараз самая папулярная партыя, асабліва ў камэндатуры ды на працы:) Паболела хрысьціянскіх дэмакратаў і ў Пружанскім раёне. 


Імя:: Пятро Горад:: Тураў

07.09.2012 11:26
Павал, вялікі дзякуй за Вашыя артыкулы пра Берасцейшчыну і Палессе – яны вельмі цікавыя і пазнавальныя. 
Але мне здаецца яны толькі даюць набіраць балы мясцовай уладзе. А на самой справе ў тым жа Пружанскім раёне робяцца страшэнныя рэчы. Пасля прыходу на пасаду начальніка аддзелу культуры Пружанскага райвыканкаму былога дэрэктара сельскага клубу Канстанціна Панімаша раён страціў мабыць не менш помнікаў архітэктуры чым падчас саветчыны: знеслі ўнікальную шляхецкую сядзібу ў Белавусаўшчыне з цэглай і страхой з Парыжу і Лондана, падмурак склепу Крашэўскіх наўпрост развалаклі трактарам па полі, вайсковыя казармы ў Слабудцы, пабудаваныя з унікальнай цэглы Брэсцкай крэпасці ўзарвалі у 2010-2011, падмурак пад помнік мастаку Жукоўскаму ў Стараволі, які ўсталявы пры папярэднім начальніку культуры, знік у невядомым кірунку. 

Чаму Вы гэтыя факты не асвятляеце і не спрабуеце супрацьстаяць гэтаму? Вам гэтыя факты невядомыя? Альбо абмежаванне свабоды не дазваляе звяртацца ў пракуратуру, ЮНЭСКА і г.д.? Ці на Вас ідзе ціск з боку мясцовай улады і адміністрацыі “хіміі”?

Імя:: Павал Севярынец

07.09.2012 13:37
Дарагі Пятро, наконт сядзібы ў Белавусаўшчыне: мне давялося сварыцца з начальствам тамтэйшага калгасу. Яны закупаюцца ў нас на складзе ў Купліне. 

Пра Крашэўскіх пісаў, пра некаторыя факты чую ўпершыню. Дзякуй Вам за падказку, і, калі што, Вы пішыце альбо тэлефануйце: (МТС) 516-08-61. Будзем спрабаваць абараняць гэтыя помнікі. 


Імя:: мінак Горад:: менск

07.09.2012 13:08
Як Вы ацэньваеце, што Малады Фронт такі розны з пакалення ў пакаленне? Ці гэта так, ці я памыляюся? Што аб’ядноўвае і адрознівае маладафронтаўцаў розных часоў?

Зараз арганізацыя не налічвае тысячы, не выводзіць на вуліцу масавых маніфэстацый. У чым тады яе сіла? Якая ў МФ будучыня? 

Імя:: Павал Севярынец

07.09.2012 14:31
Так, сапраўды, раней МФ быў больш масавым. Але сёньняшні гераізм маладафронтаўцаў пакідае куды большае ўражаньне, чым многія шматтысячныя акцыі. Тое, як ідзе на крыж у турме, на этапах Зьміцер Дашкевіч, як змагаецца за яго Настачка Палажанка, як ладзяць сваё дзёрзкія акцыі Мікалай Дземідзенка, Раман Васільеў з сябрамі — гэта проста робіцца беларуская гісторыя. 

Такая моладзь аддае сябе за ўсіх нас. Галоўнае – сёньняшні МФ абазначае лінію фронту новай будучыні, беларускай і хрысьціянскай. Вось чаму маладафронтаўцы – магільшчыкі гэтага рэжыму. І менавіта яны будуць пакаленьнем пераможцаў


Імя:: Зьміцер Салаўёў Горад:: Наваполацк

07.09.2012 13:11
Павал, жадаювыказаць табе словы падтрымкі і пажадаць поспехаў у барацьбе!
Імя:: Павал Севярынец

07.09.2012 14:32
Дзякуй вялікі, Зьміцер. Памятаю пра Наваполацак. Спадзяюся, сустрэнемся пасьля вызваленьня.

Імя:: Вэб-рэдактар

07.09.2012 14:13
На гэтым прыём пытаньняў скончаны. Дзякуй усім, хто браў удзел у онлайн-канфэрэнцыі
Імя:: Павал Севярынец

07.09.2012 14:33
Дзякуй вялікі за пытаньні. Напрыканцы хацеў бы заклікаць да салідарнасьці з Дашкевічам, Лобавым, Стакевічам, Васьковічам, Бяляцкім, іншымі палітвязьнямі. І павіншаваць свайго тату, Канстанціна Паўлавіча, якому днямі споўнілася 60. 

Усім – сумаваць ня трэба. Верым, можам, пераможам!

Болей навін