Яўген Васьковіч пасля 30 дзён карцару: схуднелы, змораны, але моцны
Нарэшце сталі вядомыя падрабязнасці апошніх 1,5 месяцаў з жыцця палітвязня, сябра БХД Яўгена Васьковіча. Пра іх распавёў адвакат зняволенага, які здолеў сустрэцца з ім 10 верасня пасля працяглых адмоваў у сустрэчы пад рознымі надуманымі прычынамі.
Паводле яго, Яўген Васьковіч адседзеў у карцары 30 дзён – тры разы па дзесяць дзён з 2 жніўня да 1 верасня. Першы раз ён патрапіў у карцар за тое, што спаў удзень, два другія – за непадпарадкаванне супрацоўнікам калоніі.
“Відавочна, дадзены ціск звязаны з адмовай Яўгена пісаць прашэнне аб памілаванні”, – лічыць адказны сакратар БХД Дзяніс Садоўскі.
Пасля карцару палітвязень выглядае блёклым, схуднелым і змораным. Месяц карцару стаў для яго і яго здароўя моцным выпрабаваннем.
Яўген паведаміў таксама, што апошнія паўгады атрымлівае лісты толькі ад маці і бабулі. Да яго не даходзяць нават лісты ад іншых сваякоў. Разам з тым ён просіць працягваць пісаць яму і дасылаць заказныя лісты, бо для яго нават такая падтрымка вельмі важная.