Бел-чырвона-белы сцяг залунаў ля крыжоў над Крапіўнай (Фота)

14 верасня 2012 11:49  |  Грамадства

На храмавае свята ў вёсцы Крапіўна ля Воршы адзін з аршанскіх сяброў БХД узняў бел-чырвона-белы сцяг ля 2-х крыжоў, пастаўленых пры дарозе ў гонар славутай Бітвы пад Воршай, якая адбылася ў гэтых мясьцінах у 1514 годзе. Пра гэта прэс-службе БХД паведаміў легендарны беларускі бард, заснавальнік бардаўскага фэсту на Крапівенскім полі, сябра БХД Андрэй Мельнікаў.

“Першы храм тут быў узведзены пасля Аршанскай бітвы пераможцамі. І зрання 12 верасня, побач з памятнымі крыжамі на горцы над шашой Ворша-Дуброўна-Масква, рэчкай і вёскай Крапіўнай залунаў наш нацыянальны сцяг” – распавёў Мельнікаў. – “Гэта той самы сцяг, які лунаў побач з намі ўначы з 7 на 8 і з 8 на 9 верасня падчас традыцыйнага начнога бардаўскага фэсту”.

Паводле яго словаў, старэйшы крыж быў зроблены Алесем Сярожкіным, які працаваў на рэстаўрацыі Крапівенскага храма. 8 верасня 1990 года крыж быў перанесены ад храма на руках за 3 км і ўсталяваны на горцы над шашоў. Сярод тых, хто ўсталёўваў крыж, акрамя самога Андрэя Мельнікава былі вядомы гісторык Генадзь Сагановіч і журналіст Зміцер Дзядзенка. А другі, навейшы, крыж быў усталяваны ў гэтым годзе напярэдадні чарговага святкавання Аршанскай бітвы групай аршанскіх вернікаў і патрыётаў, сярод якіх былі сябры БХД.

Андрэй Мельнікаў заклікаў не спыняць святкавання славутай Перамогі 1514 года пад Воршай пасля 8-га верасня, а святкаваць яе аж да 21 верасня: “Вядома, што Бітва пад Воршай 1514 года адбылася на Раство Прасвятой Багародзіцы, якое ў праваслаўных адзначаецца 8 верасня паводле строга стылю ці 21 верасня паводле новага. Таму прапаную для ўсіх жадаючых правесці вандроўку па мясцінах гэтай славутай Бітвы.” Звязацца з Анрэем для замовы вандроўкі можна праз яго профіль у фэйсбуку.

Нагадаем, фэст беларускай аўтарскай песні “Аршанская бітва” быў заснаваны ў 1991 годзе з ініцыятывы вядомага барда Андрэя Мельнікава і журналіста Юркі Копціка. З таго часу фэст нязменна праходзіў у бліжэйшыя да 8 верасня выходныя на меркаваным полі бітвы на беразе Дняпра ля рэчкі Крапіўны.

Улады неаднойчы спрабавалі сарваць правядзенне фэсту, але найбольш жорсткія разгоны пачаліся з 2007-га года, калі сустаршыня БХД, заснавальнік МФ Павал Севярынец прапанаваў адзначыць у межах фэсту 10-годзьдзе Маладога Фронту. Тым не менш, фэст і адзначэнне знакамітай Бітвы пад Воршай, хаця і не такое масавае, працягваецца штогод. У гэтым годзе аршанскія сябры БХД адзначылі ўгодкі знакамітай перамогі войска ВКЛ над ўтрая большым маскоўскім войскам малітвамі за загінулых “на полі Крапівенскім” ў царкве і касцёле.

 

Бел-чырвона-белы сцяг залунаў ля крыжоў над Крапіўнай (Фота)
Бел-чырвона-белы сцяг залунаў ля крыжоў над Крапіўнай (Фота)
Бел-чырвона-белы сцяг залунаў ля крыжоў над Крапіўнай (Фота)

Болей навін