Зміцер Шурхай: байкот “выбараў” – крок да агульнацыянальнага байкоту рэжыму
Прэсавая служба Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі распытала каардынатара БХД па Берасцейскай вобласці Змітра Шурхая пра тое, як праходзіць байкот на Берасцейшчыне.
– Чаму вы за байкот?
– Я за байкот таму, што існуючая улада ў Беларусі пры Лукашэнку нелігітымная, і любы удзел у выбарчых кампаніях дэмакратычных сіл будзе толькі легітымізаваць гэты рэжым.
Я за байкот таму, што у турмах сядзяць галоўныя апаненты гэтага рэжыма, і праз гэта апрыоры не могуць быць т.з. “выбары” сумленнымі.
Ужо 18 год Лукашэнка са са сваей падначаленай Ярмошынай падманваюць, зневажаюць народ, фальсіфікуючы выбары. Спроба адстаяць законнасць і праўду на мінулых прэзідэнцкіх выбарах абярнулася для людзей збіццём, рэпрэсіямі, турмамі.
І таму выхад у сённяшняй сітуацыі адзін – народны байкот такім “выбарам” з паслядоўным агульнанацыянальным байкотам існуючага рэжыма. Толькі так можна аб’яднаць людзей, каб яны пазбавіліся страху і адкрыта сказалі “не” Лукашэнку.
– Што робіцца для агітацыі байкоту на Берасьцейшчыне? Ці далучыліся да байкоту тыя кандыдаты ў дэпутаты, каго не зарэгістравалі?
– Па Берасцейскай вобласці БХД сумесна з іншымі сіламі па БДК “Спадчына” праводзіць інфармацыйную кампанію байкота. Нашыя актывісты у розных гарадах рэгіёна друкуюць і распаўсюджваюць па скрынях і на вуліцах улёткі і газеты, расклейваюць налепкі і плакаты, моладзь развешвае банэры.
У рамках кампаніі “Відавочцы” будзем выяўляць факты парушэнняў і фальсіфікацый, каб засведчыць, што выбары несапраўдныяі і не сумленныя.
Адзін з тых кандыдатаў, каго не зарэгістравалі, далучыўся да нашай кампаніі БАЙКОТА. Таксама што цікава, як бачна з прэсы, у нашым рэгіёне пачалі дзейнічаць самастойныя аўтаномныя групы актывістаў, якія праводзяць лакальныя акцыі па інфармаванні людзей пра байкот з заклікам не ўдзельнічаць у “выбарах”.
– Як ставіцца насельніцтва да “выбараў”?
– Людзі дакладна ужо стомленыя ад такіх выбараў, калі іх проста выкарыстоўваюць і галасы іх нічога не вызначаюць. Добраахвотна галасаваць ніхто не пойдзе – гэта нават бачна па зборы подпісаў, як расказваюць знаёмыя, якія гэтым займаліся. Байкот гэтым “дурыбарам” ужо зараз добра адчуваецца сярод беларусаў.