Апазіцыя ідзе на выбары дзвюма калонамі

21 верасня 2012 21:05  |  Палітыка

Апазіцыя так і не здолела дамовіцца наконт адзінага падыходу да правядзення парламенскай кампаніі 2012. Да асноўнага дня галасавання дэмакратычныя сілы падыходзіць дзвюма калонамі. Большасць апазіцыйных структур, выкарыстаўшы розныя тактыкі правядзення парламенцкай кампаніі, байкатуюць выбары. У бюлетэнях для галасавання застаюцца кандыдаты ад Беларускай партыі аб’яднаных левых «Справядлівы свет» (БПАЛ СС), Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) (БСДП(Г), грамадзянскай кампаніі Гавары Праўду (ГП) і «Руху «За свабоду» (РЗС). Адсутнасць адзінай пазіцыі дэмакратычных сілаў наконт выбараў дэзарыентуе апазіцыйны электарат і не павялічвае ўзровень даверу да дэмакратаў. Слабое ўзаемадзеянне паміж дэмакратычнымі сіламі падчас парламенцкай кампаніі перашкодзіла кансалідацыі пратэстных групаў насельніцтва і фармаванню новага полюса прыцягнення для прыхільнікаў перамен, якія ў апошні час пераважаюць у беларускім грамадстве.

 

Паўнавартасны ўдзел насуперак пагадненням

 

Яшчэ 2 лютага гэтага года кіраўніцтва партый БНФ, БСДП (Г), ГП і РЗС падпісалі Дэкларацыю аб грамадскай дыскусіі пра мэты і формы ўдзелу беларускай апазыцыі ў парламенцкай кампаніі 2012. У дэкларацыі апазіцыянеры зазначылі, што будуць «заклікаць усіх прадстаўнікоў дэмакратычнай супольнасці Беларусі зняць свае кандыдатуры пасля выкарыстання ўсіх магчымасцяў агітацыйнай кампаніі за тыдзень да пачатку датэрміновага галасавання ў выпадку, калі да гэтага часу ўсе пятнаццаць палітычных зняволеных не будуць вызваленыя або ў краіне з’явяцца новыя палітычныя зняволеныя». З часу падпісання сумеснага дакумента ўлады вызвалілі толькі двух знакавых палітзняволеных, астатнія жа застаюцца за кратамі і ўмовы іх утрымання толькі пагаршаюцца. Аднак тры з чатырох структур, якія падпісалі Дэкларацыю, працягваюць паўнавартасны ўдзел у выбарчай кампаніі. Пры гэтым кіраўніцтва гэтых арганізацый публічна дыстанцыянавалася ад рашэння сваіх актывістаў або зменшыла сваю долю адказнасці, пераклаўшы яе на калектыўны орган.

БСДП (Г) яшчэ напярэдадні выбарчай кампаніі зазначыла, што рашэнне аб фармаце ўдзелу у выбарах кожны партыйны кандыдат прымае самастойна. Пры гэтым, большасць  грамадоўцаў, якія ўдзельнічаюць у выбарах, адначасова з’яўляюцца актывістамі кампаніі ГП. У сваю чаргу кіраўніцтва ГП  пакінула канчатковае рашэнне наконт фармату ўдзелу за Радай кандыдатаў, якая павінна была самастойна выпрацаваць супольнае рашэнне напярэдадні датэрміновага галасавання. Па выніках скайп-абмеркавання Рады, у якой удзельнічалі як зарэгістраваныя, так і незарэгістраваныя прэтэндэнты ў дэпутаты ад ГП,  большасць (19 з 23) удзельнікаў выказалася за паўнавартасны ўдзел.   

 

Кіраўніцтва РЗС жа заявіла, што «рух наогул не вылучаў кандыдатаў у дэпутаты, бо, згодна з законам, грамадскае аб`яднанне не мае на гэта права». Пры гэтым у залежнасці ад кан’юктуры РЗС імкнецца пазыцыянаваць сябе ў якасці палітычнай або грамадскай арганізацыі. З аднаго боку, кіраўніцтва арганізацыі на роўных удзельнічае ў аб’яднаннях палітычных сіл і прымае палітычныя заявы. З іншага, імкнецца зняць з сябе адказнасць за прынятыя абавязкі, заяўляючы што не адказвае за палітычныя рашэнні актывістаў сваёй арганізацыі.

 

Падобны падыход дэмакратычных сіл да выканання сумесных пагадненняў прыводзіць да дэвальвацыі заяў апазіцыйных лідараў. У дадатак сітуацыя не спрыяе росту даверу сярод дэмакратаў і вядзе да з’яўлення нестабільных фармальных кааліцый, якія ў большасці выпадкаў не арыентаваны на рэальную супрацу.

 

Апазіцыя: паміж удзелам і байкотам

Нягледзячы на разнастайнасць падыходаў апазіцыя фактычна структуравалася вакол асноўных двух формаў правядзення парламенцкай кампаніі: паўнавартасны ўдзел і байкот выбараў. Пры гэтым у прыхільнікаў абодвух групаў няма ілюзій наконт магчымасці патрапіць у парламент. Кожная структура па-просту імкнецца вырашыць свае тактычныя задачы на гэту кампанію: пашырыць рэгіянальныя структуры, папулярызаваць сваю праграму і ідэі сярод насельніцтва, заваяваць першынства ў апазіцыйным асяродку і рэкрутаваць новых актывістаў.

 

Выразным прыхільнікам першага падыходу з’яўляецца БПАЛ СС, якая паслядоўна ад самага пачатку адстойваюць варыянт паўнавартаснага ўдзелу ў парламенцкай кампаніі без увагі на выкананне уладамі падставовых умоў. Яшчэ падчас абмеркавання сумеснага пагаднення на пачатку 2012 году кааліцыяй шасці выдучых апазіцыйных сіл кіраўніцтва аб’яднаных левых адмовілася яго падпісваць, абіраючы адрозны ад большасці (на той час) сцэнар правядзення выбарчай кампаніі. Напрыканцы выбарчай кампаніі гэты падыход фактычна падзяляюць структуры БСДП (Г), ГП і РЗС, якія першапачаткова прымалі рашэнне аб абумоўленым удзелу.

 

Варта зазначыць, што пасля нерэгістрацыі шэрагу моцных прэтэндэнтаў на дэпутацтва прадстаўнікі РЗС, ГП, БПАЛ СС і БНФ аб’ядналіся ў рабочую групу па арганізацыі байкоту ў Фрунзенскай выбарчай акрузе № 101. Аднак сумесныя дзеянні большасці кандыдатаў (114) ад дэмакратычных партый і рухаў абмежаваліся толькі супольнай заявай наконт палітычных зняволеных.

 

У той ці іншай форме тактыку байкота выкарыстоўваюць Аб’яднаная грамадзянская партыя (АГП), Беларускі народны фронт (БНФ), Беларуская хрысціянская дэмакратыя (БХД), Кансерватыўна-хрысціянская партыя БНФ (КХП БНФ), Малады Фронт, аргкамітэт партыі «Беларускі Рух», грамадзянская кампанія «Еўрапейская Беларусь», Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада і шэраг іншых болей дробных ініцыятыў.

 

Большасць гэтых структураў, сярод якіх самымі буйнымі з’яўляюцца АГП і БХД, ад пачатку парламенцкай кампаніі заклікалі насельніцтва не ўдзельнічаць у галасаванні. Адрозненне складалі кандыдаты ад БНФ, асноўнай задачай якіх было пашырэнне кола прыхільнікаў за кошт папулярызацыі сваіх ідэяў і праграмы.

 

Варта зазначыць, што АГП і БНФ цэнтралізавана вылучалі партыйных кандыдатаў. Аднак напярэдадні датэрміновага галасавання гэтыя партыі знялі сваіх прадстаўнікоў з выбарчай гонкі ў выніку невыканання ўладамі падставовых умоў для паўнавартаснага ўдзелу.

Падчас парламенцкай кампаніі наладзілася супрацоўніцтва паміж асобнымі стуктурамі, якія абралі канфрантацыйны варыянт супрацьстаяння з уладамі. Нягледзячы на адсутнасць фармальнага пагаднення АГП і БХД здолелі дамовіцца наконт асобных сумесных дзеянняў. Шэраг актывістаў незарэгістраванай партыі БХД на момант правядзення парламенцкай кампаніі ўступілі ў АГП і сталі кандыдатамі або даверанымі асобамі спікераў. Падобныя дзеянні дазволілі хадэкам пазбавіцца пераследу з боку ўладаў і пашырыць  легальныя магчымасцяў для правядзення кампаніі. Выкарыстанне рэсурсу лібералаў значна ажывіла кампанію байкоту за кошт выступаў і дэбатаў на тэлебачанні і радыё, а таксама правядзення байкотных пікетаў.

 

Пры гэтым падыход АГП, які прадугледжваў вылучэнне партыйных кандыдатаў-спікераў, агітацыю супраць удзелу ў галасаванні і іх зняццё напярэдадні датэрміновага галасавання, выявіўся найбольш эфектыўнай формай байкоту.

 

Аднак нягледзячы на асобныя крэатыўныя хады апазіцыі парламенцкая кампанія прайшла амаль незаўважнай для шараговага выбарца. Невысокая актыўнасць большасці кандыдатаў і адмысловая палітыка ўладаў паспрыялі пасіўнасці грамадства.

 

Улада: падзяляй і ўладар

 

Улады імкнуліся стымуляваць раскол сярод апазіцыйных сілаў, ствараючы ў залежнасці ад узмацнення той ці іншай апазіцыйнай групоўкі спрыяльныя ўмовы для ўдзелу ў выбарчай кампаніі або штрухаючы актывістаў да байкоту выбараў.

 

На пачатку 2012 года пераважная большасць апазіцыйных сілаў прыняла рашэнне наконт правядзення парламенскай кампаніі, якое з улікам сённяшняй сітуацыі павінны былі прывесці да кампаніі байкоту выбараў. Прыхільнікі безумоўнага ўдзелу складалі меншасць і былі прадстаўлены толькі аб’яднанымі левымі і сацыял-дэмакратамі Міколы Статкевіча.

Аднак разам са спробамі распачаць дыялог з ЕС, што заўсёды прадугледжвала пэўную ўнутраную лібералізацыю, улады пачалі ўкідваць ў публічную прастору інфармацыю наконт магчымых зменаў палітычнай сістэмы краіны. Спярша Аляксандр Лукашэнка, а потым і іншыя высокія чыноўнікі зрабілі заявы аб магчымым рэфармаванні выбарчай сістэмы. Як і ў 2008 годзе ў грамадстве распаўсюджваліся чуткі наконт шанцаў асобных апазіцыйных лідараў патрапіць у парламент. 

 

Яшчэ раней заканадаўча была замацавана норма аб вылучэнні кандыдатаў на дэпутацтва цэнтральнымі органамі партыяў ва ўсіх выбарчых акругах. Гэта пашырала магчымасці палітычных партый, што дэмакратычныя сілы напоўніцу скарысталі.

 

Захады ўладаў па стымуляванню ўдзелу ў выбарчай кампаніі апазіцыі прынеслі плён. Нягледзячы на нізкую цікавасць да выбараў з боку насельніцтва прэтэндэнтаў на дэпутацкую пасаду на стадыі вылучэння апынулася на чвэрць больш, чым на парламенцкіх выбарах 2008 года.

 

Пасля гэтага беларускія ўлады змянілі сваю тактыку ў адносінах да апазіцыі. Некаторыя найбольш моцныя прэтэндэнты не былі зарэгістраваныя, а рэпрэсіўныя дзеянні ўладаў пачалі пашырацца на ўсіх апазіцыйных актывістаў, а не толькі прыхільнікаў байкоту. 

Пры гэтым вылучэнне кандыдатаў з’ездам партый сталася своеасаблівым траянскім канём для апазіцыі. Кампанія па збору подпісаў падчас папярэдніх выбараў выкарыстоўвалася дэмакратычнымі сіламі ў якасці дадатковай магчымасці для правядзення агітацыі. Падчас гэтых парламенцкіх выбараў большасць апазіцыйных кандыдатаў вылучылася партыямі і іх актыўнасць на акругах абмяжоўвалася толькі тэле- і радыёвыступам і друкам праграмы ў дзяржаўных выданнях. 

 

Высновы

 

Дэмакратычным сілам не атрымалася выкарыстаць парламенцкую кампанію для ўзмацнення сваіх пазіцый у грамадстве. Апазіцыя не толькі не пашырыла кола сваіх прыхільнікаў за кошт новых групаў насельніцтва, большасць якога паводле сацыялагічных апытанняў ужо жадае пераменаў, але ж і не здолела кансалідаваць сваіх сталых прыхільнікаў.

За рэдкім выключэннем асобных станоўчых прыкладаў узаемадзеяння апазіцыйных арганізацый падчас парламенцкай кампаніі кожная структура пераследавала свае карпаратыўныя інтарэсы.

 

Тым не менш ніводная палітычная сіла паасобку не змагла захапіць лідарства ў апазіцыйным асяродку. Пры гэтым сярод прыхільнікаў канфрантацыйнай мадэлі супрацьстаяння з беларускім рэжымам назіраецца ўмацаванне пазіцый АГП і БХД, кіраўніцтва якіх у дадатак выпрацавала пэўны ўзровень даверу адзін да аднаго.

 

З другога боку дзякуючы папулярызацыі падчас выбарчай кампаніі Народнай праграмы РЗС і Грамадзянскай дамовы ГП, гэтыя дзве арганізацыі становяцца цэнтрамі прыцягнення для часткі апазіцыйных структур, якія імкнуцца пашырыць свой уплыў на новых прыхільнікаў перамен. 

Болей навін