У Менску прагаласаваць на даму “папрасіў” памерлы чалавек

23 верасня 2012 14:25  |  Палітыка

Назіральніца ад Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі на 594-м участку 107-й выбарчай акругі Валерыя Чарнаморцава зафіксавала грубыя парушэнні пры галасаванні з вынаснымі скрынямі.

 

Спачатку ёй адмовілі назваць лічбу выбаршчыкаў, якія папрасілі, каб да іх прыйшлі са скрынямі для галасавання, сказаўшы, што іх каля 50 чалавек і да іх пайдуць па дамах праз гадзіну. Аднак, выйшаўшы на паўгадзіны, Валерыя Чарнаморцава па вяртанні заўважыла, што адна група з вынаснымі скрынямі ўжо пайшла.

 

Сама актывістка пайшла з другой групай, у спісе якой было 8 выбаршчыкаў. Аднак адзін з іх памёр ужо 40 дзён таму, двое іншых – прагаласавалі з іншай групай, чацвёрты – з іншай участковай камісіяй, а астатнія чацвёра – не падавалі ніякіх заяваў на вынасное галасаванне.

 

Па дарозе назад другая група сустрэлася з першай, у якой прагаласавалі 13 чалавек. Пры гэтым першая група ўжо будучы на выездзе прымала па тэлефоне заяўкі на вынасное галасаванне. Але гэта забаронена законам, бо спісы галасуючых дома складаюцца загадзя і паводле гэтых спісаў выдаецца адпаведная колькасць бюлетэняў.

 

Валерыя Чарнаморцава таксама паведаміла, што падчас датэрміновага галасавання на ўчастку са спісачнай колькасцю 1100 выбаршчыкаў прагаласавалі 79 чалавек, у дзень галасавання – 97. Яна падазрае, што масавыя фальсіфікацыі адбудуцца менавіта падчас галасаванняў на даму.  

Болей навін