Апостальскі нунцый Клаўдыё Гуджэроцці наведаў Паўла Севярынца
Апостальскі Нунцый у Беларусі, арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці ў Купліне сустрэўся з палітвязнем, сустаршынём Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Паўлам Севярынцам.
Дадзеная сустрэча адбылася ў межах наведвання Апостальскім Нунцыем беларускіх палітвязняў. Сустрэча праходзіла ў кабінеце начальніка спецкамендатуры.
Падчас гутаркі Клаўдыё Гуджэроцці выказаў Паўлу Севярынцу словы падтрымкі і ўвагі. Апостальскі Нунцый і сустаршыня БХД паразмаўлялі пра палітвязняў. Павал Севярынец папрасіў арцыбіскупа паспрыяць далучэнню Касцёлу да кампаніі БХД “За сямейныя каштоўнасці”, у межах якой плануецца ўнесці змены ў закон аб ахове здароўя.
У сваю чаргу Клаўдыё Гуджэроцці паведаміў, што да зняволенага ў Бабруйску Алеся Бяляцкага на днях здолеў патрапіць каталіцкі святар. Таксама Клаўдыё Гуджэроцці перадаў вітанні беларускім палітвязням ад Папы Рымскага і паведаміў, што ў кастрычніку збіраецца сустрэцца ў Рыме з Бенедыктам XVI.
Сустаршыня БХД выказаў падзяку апостальскаму нунцыю і ўсяму акрэдытаванаму ў Беларусі дыпкорпусу за візіт і ўвагу.