Віталь Рымашэўскі: Ніякіх перамоў з рэжымам

27 верасня 2012 20:07  |  Палітыка

Пакуль не будуць вызваленыя ўсе палітвязні, змяняць стаўленне да Лукашэнкі нельга, упэўнены палітык.

 

Сустаршыня партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя (БХД) Віталь Рымашэўскіпракаментаваў сайту charter97.org вызваленне палітвязня Сяргея Каваленкі.

«Гэта было дастаткова чаканым. Мы ведалі, што яго прымусілі напісаць прашэнне аб памілаванні. Таму таксама варта чакаць выхаду на волю і Паўла Сырамалотава», – распавёў

палітык.

 

«Прычын, па якіх вызвалілі Каваленку, дзве. Першая заключаецца ў тым, што рэжым Лукашэнкі фактычна банкрут. Вялікія пазыкі і ціск Расеі, яе нежаданне больш падтрымліваць Беларусь таннай нафтай, робяць яго банкрутам. Другая прычына – непрызнанне «выбараў» як народам Беларусі, які на іх не прыйшоў, так і Еўразвязам. А гэта стварае ўмовы для ўвядзення новых санкцый 31 кастрычніка, калі Савет Еўразвяза будзе разглядаць пытанне аб пашырэнні санкцый у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі», – заявіў сустаршыня БХД.

 

«Рэжыму нічога не застаецца, як вызваляць палітвязняў. Мы павінны прымусіць рэжым да 31 кастрычніка вызваліць усіх палітычных вязняў, а не толькі аднаго-двух», – лічыць Віталь Рымашэўскі.

 

«Улада прымушае вязняў пад ціскам і пагрозамі падпісваць прашэнне аб памілаванні. Гэта здзек над тымі, каго рэжым адправіў у турмы. Я думаю, гэта прашэнне дае ім прычыны адчуваць сябе псіхалагічна камфортна пры вызваленні з турмаў сваіх праціўнікаў», – падкрэсліў палітык.

 

«Бо палітычныя вязні для Лукашэнкі – каштоўны тавар, якім можна гандляваць з Еўропай. Я ўпэўнены, што гандаль ідзе па кожным палітвязні. І самыя небяспечныя для рэжыму вязні выйдуць на свабоду апошнімі», – упэўнены сустаршыня БХД.

 

«Наша задача – змагацца за кожнага палітвязня. Галоўнае, каб вызваленне аднаго-двух чалавек не ўспрымалася беларусамі або ЕЗ як сур’ёзны крок рэжыму. Нічога не павінна мяняцца ў дачыненні да дыктатара. Пакуль не будуць вызваленыя ўсе палітвязні, з Лукашэнкам не можа быць ніякіх перамоў», – сказаў Віталь Рымашэўскі.

Нагадаем, палітвязень Сяргей Каваленка быў вызвалены з калоніі ў Магілёве ўвечары 26 верасня. Аб вызваленні палітвязня стала вядома сёння раніцай. Каваленку вызвалілі на падставе напісанага пад ціскам прашэння аб памілаванні ў адрас Лукашэнкі.

 

Актывіст КХП БНФ Сяргей Каваленка быў асуджаны на 2 гады і месяц пазбаўлення волі за парушэнне хатняй «хіміі», якую атрымаў за вывешванне бел-чырвона-белага сцяга на навагодняй ёлцы ў Віцебску. З сярэдзіны снежня да канца сакавіка з перапынкам на 20 дзён Каваленка трымаў галадоўку, падчас якой схуднеў на 50 кілаграмаў. Другую галадоўку ён праводзіў з 8 да 25 траўня.

Болей навін