Пастар Антоній Бокун патрабуе спыніць ціск на Змітра Дашкевіча
Ад імя вернікаў Царквы Хрысціянаў Веры Евангельскай “Ян Прадвесьнік” пастар Антоній Бокун 27 верасня звярнуўся да Дэпартаменту выканання пакаранняў МУС, Генеральнай Пракуратуры і Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі з заклікам спыніць ціск на вязня Мазырскай калоніі, лідара Маладога Фронту Змітра Дашкевіча.
Дэпартамент выканання пакаранняў МУС Рэспублікі Беларусь
Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь
Адміністрацыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
ЗВАРОТ
з прычыны з’яўлення ў СМІ інфармацыі пра ціск і абразы рэлігійных пачуццяў,
якія чыняцца ў адносінах да Дашкевіча Змітра Вячаслававіча.
26 верасня 2012 г. у сродках масавай інфармацыі з’явілася інфармацыя пра ціск і абразы рэлігійных пачуццяў, якія чыняцца ў адносінах да Дашкевіча Змітра Вячаслававіча з боку адміністрацыі Мозырскай папраўчай калоніі № 20, у выніку чаго ён быў вымушаны аб’явіць галадоўку пратэсту. У прыватнасці, адзначаецца, што начальнік калоніі зняважліва выказваўся у дачыненні да пратэстанцкіх цэркваў і евангельскай веры З.Дашкевіча, пагражаў вязню гвалтам з боку іншых вязняў, усяляк абражаў і зневажаў зняволеннага. Пры гэтым у адміністрацыі калоніі заявілі, што калі інфармацыя з’явіцца ў прэсе, гэта адаб’ецца на становішчы вязня.
Зміцер Дашкевіч быў затрыманы 18 снежня 2010 г. і асуджаны 24 сакавіка 2011 г. на 2 гады пазбаўлення волі паводле беспадстаўнага абвінавачвання, а 28 жніўня 2012 г. асуджаны яшчэ на 1 год калоніі нібыта “за злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы”. Зміцер Дашкевіч з’яўляецца веруючым хрысціянінам, членам Царквы хрысціян веры евангельскай “Ян Прадвесьнік” з 2006 г. Выклікае неразуменне і трывогу, што прадстаўнікі адміністрацыі Мозырскай папраўчай калоніі № 20 дазваляюць сабе зняважліва выказвацца адносна хрысціянскай канфэсіі, якая прадстаўлена ў Беларусі амаль 1000 зарэгістраваных абшчын і аб’ядноўвае ў сваіх шэрагах дзесяткі тысячаў вернікаў.
У Бібліі неаднаразова Бог звяртае ўвагу на каштоўнасць жыцця чалавека і годнасць чалавечай асобы, а таксама пра недапушчальнасць знявагаў і абразаў іншага чалавека:
“Калі ты прыбярэш з асяроддзя твайго ярмо, перастанеш падымаць палец і гаварыць зняважлівае, тады святло тваё ўзыйдзе ў цемры”. (Біблія, Кніга прарока Ісаі 58:9-10)
Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь сцвярджае, што дзяржава забяспечвае недатыкальнасць і годнасць асобы.
Роўна год назад, 26 верасня 2011 г. ужо з’яўлялася падобная інфармацыя пра ціск, пераслед і катаванні з боку адміністрацыі Горацкай папраўчай калоніі № 9. Аднак пасля правядзення праверак і пераводу Змітра Дашкевіча ў Глыбоцкую папраўчую калонію №13 скаргаў падобнага роду не паступала.
У сувязі з вышэйуказанай інфармацыяй просім правесці ўсебаковае расследаванне фактаў неправавых дзеянняў адміністрацыі Мозырскай папраўчай калоніі № 20 у дачыненні Змітра Дашкевіча.
Патрабуем спыніць ціск, які аказваецца на Змітра Дашкевіча, выявіць і пакараць вінаватых у гэтым службовых асобаў, а таксама зрабіць захады дзеля недапушчэння паўтарэння падобных фактаў у будучыні.
Ад імя вернікаў Царквы ХВЕ “Ян Прадвесьнік”
пастар Антоній Бокун (8 029 670 71 76)
27.09.2012