Аршанскія вернікі хочуць маліцца па-беларуску

01 кастрычніка 2012 09:08  |  Палітыка

Для пачатку манахіня Данііла прапанавала зьбірацца на беларускамоўныя малітоўныя сустрэчы ў капліцы каля Сьвята-Пакроўскага манастыра, помніка архітэктуры 18 стагодзьдзя.

Першая сустрэча адбудзецца на сьвята Пакравоў Божай Маці.

Праводзіць паўнавартасныя беларускамоўныя службы ў Сьвята-Пакроўскім храме на сёньняшні дзень немагчыма – у мясцовага прыходу няма ўласнага сьвятара, і ўвогуле ў Воршы праблематычна знайсьці праваслаўнага сьвятара, які пагадзіўся б правесьці набажэнства па-беларуску. Але актывісты спадзяюцца, што іхную прапанову пачуе беларускае сьвятарства, і з часам ахвотныя знойдуцца – каб калі не пераехаць у Воршу, дык прыяжджаць да беларускамоўных вернікаў хаця б час ад часу. Таму папярэдне манахіня Данііла прапанавала праводзіць беларускамоўныя супольныя малітвы і духоўныя сустрэчы – тое, што можа адбывацца і без запрашэньня сьвятара.
​​
Апроч таго, да манахіні Даніілы зьвярнуліся краязнаўцы і прадстаўнікі Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ, стваранай партыі БХД, а таксама грамадзкіх арганізацый – з тым, каб прапанаваць дапамогу ў аднаўленьні помніка, які вымагае грунтоўнай рэстаўрацыі.
​​
Манахіня Данііла распавяла карэспандэнту Свабоды пра пэўныя зрухі, што да рэстаўрацыі помніка архітэктуры – жылога корпусу манастыра. Паводле яе, ужо распрацоўваецца праект рэстаўрацыі, прычым аднавіць будынак плянуюць у першапачатковым выглядзе, пакінуўшы ўсе архітэктурныя адметнасьці.

Помнік архітэктуры знаходзіцца ў занядбаным стане не адно дзесяцігодзьдзе, у 2003 годзе ён быў перададзены праваслаўнай япархіі, і аршанцы неаднаразова зьвярталіся ў пракуратуру, да мясцовых уладаў і ў Міністэрства культуры, каб рэшткі храма хаця б закансэрвавалі ад далейшага разбурэньня.

Пасьля таго, як будзе гатовы рэстаўрацыйны праект, мае распачацца аднаўленьне помніка, у якім плянуюць разьмясьціць музэй, прысьвечаны беларускім сьвятыням, і сацыяльны прытулак. Будзе тут і храм, які мае шанец стаць адзіным праваслаўным прыходам у Воршы, дзе загучыць беларуская мова.

Усіх ахвочых дапамагчы рэстаўрацыі манахіня Данііла заклікае рабіць ахвяраваньні на рахунак: Р/р 3015335456015, УНП 300986971 ЦКО №4 дырэкцыя ААТ «Белінвестбанк» г. Ворша, вул. Леніна, 26а, БІК 153001739. Атрымальнік – прыход Сьвята-Пакроўскага храма г. Ворша Віцебскай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы. Або прыйсьці на набажэнства ў капліцу каля храма і пакінуць ахвяраваньні там.

Болей навін