Заява апазыцыйных партыяў і рухаў: выбараў не было
«Улада сфальшавала вынікі выбараў. Выбары ў Беларусі не адбыліся, і Палата прадстаўнікоў не абраная. Большасьць выбарцаў не прынялі ўдзелу ў псэўдавыбарах. Няўдзел грамадзян у выбарах азначае байкот», — гаворыцца ў заяве.
«У Менску прынялі ўдзел у галасаваньні толькі 34% выбарцаў, а ва ўсіх буйных гарадах сярэдняя яўка склала 43%», — адзначаюць падпісанты. «Прычына разыходжаньня з афіцыйнымі вынікамі выбараў — паўсюднае фальшаваньне пратаколаў выбарчых камісій з завышэньнем яўкі выбарцаў амаль у 2 разы і адсутнасьць празрыстага падліку галасоў на ўсіх участках».
Далей у дакумэнце пералічваюцца тыповыя парушэньні Закону аб выбарах:
- прымус да галасаваньня;
- «карусэлі», калі невядомыя асобы па некалькі разоў галасавалі на розных участках;
- укідваньне бюлетэняў за грамадзянаў, якія не прыйшлі на ўчасткі;
- фальшаваньне галасаваньня на даму;
- назіральнікам не далі магчымасьці бачыць падлік галасоў.
Назіральнікі кампаніяў «За справядлівыя выбары» і «Праваабаронцы за свабодныя выбары» падалі больш за 1170 скаргаў на дзеяньні выбарчых камісій.
Заяву падпісалі прадстаўнікі:
- Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі,
- Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі,
- Беларускага Руху,
- «Эўрапейскай Беларусі»,
- Беларускага прафсаюзу РЭП,
- Маладога Фронту,
- Рады інтэлігенцыі.