Віталь Рымашэўскі: З рэжымам можна размаўляць толькі з пазіцыі сілы

04 кастрычніка 2012 15:56  |  Палітыка

Праяўленне слабасці і супрацоўніцтва з дыктатурай безвыніковыя, лічыць палітык.

 

Сустаршыня партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя (БХД) Віталь Рымашэўскі пракаментаваў сайту charter97.org сённяшнюю заяву прэс-сакратара МЗС Беларусі Андрэя Савіных, што офіс АБСЕ ў Менску адчынены не будзе.

 

«Гэта заява – абсалютна цынічная. Дзеянні ўлад у чарговы раз пацвярджаюць бесперспектыўнасць некаторых структур і рухаў у Беларусі і на Захадзе, якія выступаюць за супрацоўніцтва з рэжымам», – лічыць палітык.

 

«Рэакцыя Беларусі пацвердзіла і тое, што аднабаковая палітыка адкрытасці ЕЗ у дачыненні да рэжыму, і спроба мяккай рэакцыі на парушэнні праў чалавека ў Беларусі – безвыніковыя», – упэўнены Віталь Рымашэўскі.

 

«Назіральнікі ад АБСЕ на «выбарах у палатку» заявілі, што ім перашкаджалі назіраць за галасаваннем на 37% участках. На «прэзідэнцкіх выбарах» гэтая лічба складала 54%. Гэта значыць фактычна місія АБСЕ падрыхтавала вынікі, выгадныя для рэжыму. Нібыта назіраецца паляпшэнне. Я лічу, што гэта не адпавядае рэчаіснасці і гэта памылковы крок місіі, як і памылкова было дасылаць у Беларусь сваіх назіральнікаў», – адзначыў сустаршыня БХД.

 

«З рэжымам Лукашэнкі можна размаўляць толькі з пазіцыі сілы. Іншыя пазіцыі такія рэжымы не разумеюць. Многія еўрапейскія і міжнародныя структуры праяўляюць слабасць пры размове з дыктатурай, і гэта дазваляе ёй адчуваць сябе бяскарнай і рабіць больш жорсткімі рэпрэсіі ў Беларусі», – сказаў палітык.

 

Нагадаем, кіраўнік БДІПЧ АБСЕ Янэз Лянарчыч, які прыбыў у Беларусь на «парламенцкія выбары», выказаў надзею на аднаўленне працы офіса ў Менску.

 

Прэс-сакратар МЗС Андрэя Савіных заявіў, што офіс адкрыты не будзе, а рашэнне аб закрыцці папярэдняга офіса АБСЕ ў Менску было сродкам аптымізацыі выдаткаў рэгулярнага бюджэту АБСЕ.

Болей навін