Сустаршыня аргкамітэту партыі БХД Павал Севярынец, які адбывае тры гады «хіміі» ў Пружанскім раёне, пракамэнтаваў працяг на год дзеяньня санкцый у дачыненьні да беларускіх уладаў.
«Апошнія два гады Эўразьвяз прымае пасьлядоўныя рашэньні, якія пасьлядоўна ж выконваюцца. Інтарэс Лукашэнкі, напэўна, у тым, каб ня стала горш, каб заставалася нейкая лазейка, нейкая магчымасьць для шантажу Масквы. То бок каб заставаўся канал наладжваньня стасункаў, якім бы можна было Крэмль папалохаць. Мне здаецца, што зараз ён можа дазволіць сабе задаволіцца і гэтым. Напэўна, унутры там ёсьць нейкія фінансавыя рэзэрвы, каб пратрымацца, таму прарыў на заходнім кірунку для яго не прынцыповы. На дадзены момант для яго лепш закруціць гайкі, утрымаць палітвязьняў у турме. А эўрапейцам не застаецца нічога іншага, як утрымліваць сваю пазыцыю. Тут ня шмат што зьмянілася. Трэба казаць, што ў Эўразьвязу пазыцыя сумленная. Гэтак бывала не заўжды, але гэтым разам яна сумленная і пасьлядоўная».
Карэспандэнт: «Вы зьвязвалі рашэньне Эўразьвязу пра санкцыі са сваім асабістым лёсам?»
«Магло быць па-рознаму, але зараз мне важней, каб выйшлі на волю тыя, хто знаходзіцца ў турме. І адначасова вельмі важна, каб Беларусь не зачыняла для сябе дзьверы ў Эўропу. Таму што калі Лукашэнка робіць гэта са свайго асабістага дыктатарскага інтарэсу, то адначасова ён прыпірае да сьценкі ўсю Беларусь».