У Гомелі прайшла абласная канферэнцыя БХД (фота)

22 кастрычніка 2012 10:38  |  Галоўныя навіны

У Гомелі 20 кастрычніка прайшла абласная канферэнцыя аргкамітэту па стварэнні Партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя”. У ёй удзельнічалі больш за 20 прадстаўнікоў аргкамітэту з Гомеля і Гомельскай вобласці, а таксама кіраўніцтва БХД: сустаршыня Віталь Рымашэўскі і адказны сакратар Дзяніс Садоўскі.

 

На канферэнцыі былі абмеркаваныя вынікі кампаніі “Байкот-2012”, яе значэнне для партыі, а таксама пытанні далейшай дзейнасці БХД. У прыватнасці, была зацверджана актывізацыя працы ў межах кампаніі Рада народных дэпутатаў, правядзенне лакальных кампаній як у Гомелі, гэтак і ў Гомельскай вобласці. Таксама была зацверджана актывізацыя працы ў кампаніі “Моцная сям’я – моцная Беларусь”, у межах якой працягваецца збор подпісаў за змены ў закон аб ахове здароўя і запланаваны шэраг акцый і мерапрыемстваў у абарону традыцыйных сямейных каштоўнасцяў.

 

Таксама ўдзельнікі абмеркавалі пытанне чарговай спробы легалізацыі дзейнасці БХД ў выглядзе рэгістрацыі недзяржаўных мясцовых грамадскіх арганізацый ува ўсіх рэгіёнах Беларусі для стварэння магчымасці легальнай дзейнасці сябраў БХД. Адпаведныя ўстаноўчыя сходы маюць адбыцца напрыканцы 2012-пачатку 2013 году.

 

Як адзначыў Дзяніс Садоўскі: “Прыемна было бачыць на сустрэчы новыя твары людзей, якія далучыліся падчас кампаніі байкоту і іншых кампаній БХД. А гэта значыць, што стратэгія была абраная правільная і да аргкамітэту працягваюць далучацца новыя людзі”.

 

У Гомелі прайшла абласная канферэнцыя БХД (фота)

Болей навін