Бабруйская міліцыя лічыць тэлефонны тэрарызм нармальнай справай
Магілёўская абласная каардынатарка аргкамітэту па стварэнні Партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Таісія Кабанчук атрымала адказ з бабруйскай міліцыі на скаргу на распачаты супраць яе 23 верасня тэлефонны тэрарызм.
Нагадаем, што невядомыя ў дзень “выбараў” 23 верасня на бабруйскім гарадскім партале bobr.by змясцілі яе тэлефон і інфармацыю, што яна прадае аўтамабіль “Жыгулі” за 200 даляраў і здае двухпакаёвую кватэру за 70 даляраў у месяц. Як вынік, на тэлефон каардынатаркі БХД абрынуўся шквал званкоў. Толькі за 23 верасня яна налічыла 280 тэлефанаванняў. Звароты да адміністрацыі сайту з просьбай прыбраць абвесткі вынікаў не далі.
У сваім адказе начальнік аддзелу міліцыі С.Барадаўка, за якога падпісаўся С.Маркевіч, заяўляе, што па звароце Таісіі Кабанчук была праведзеная праверка, аднак усталяваць асобу, якая змясціла абвестку на сайце bobr.by, не атрымалася. У сувязі з гэтым адміністратыўная справа па дадзеным пытанні была зачыненая. Пры гэтым у міліцыі адзначылі, што ніякіх парушэнняў у дачыненні Таісіі Кабанчук у сувязі з дадзенай абвесткай не было. Міліцыянты таксама паведамілі, што на момант праверкі абвесткі на сайце ўжо не было.
“Гэта звычайная адпіска, якую рэгулярна атрымліваюць ўсе дэмакратычныя актывісты. Міліцыя ніколі не робіць праверак, толькі адпісваецца. І заява, што абвесткі на сайце няма, – гэта відавочны падман, бо мне дагэтуль працягваюць тэлефанаваць людзі, якія кажуць, што толькі што пабачылі яе на сайце. Безумоўна, я буду пісаць скаргі ў вышэй стаячыя інстанцыі і патрабаваць далейшага расследвання”, – адзначыла Таісія Кабанчук.