Віталь Рымашэўскі: улады зачышчаюць палітычнае поле для прарэжымных партый
Рэжым вяртае практыку крымінальнага пераследу за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі.
Каардынатара аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» ў Магілёве Алега Аксёнава 22 кастрычніка выклікалі ў КДБ, дзе яго паставілі на ўлік за «дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. «Мяне папярэдзілі, што гэта першы крок для ўзбуджэння крымінальнай справы. Прадэманстравалі раздрукоўкі ў СМІ, дзе я згадваўся як актывіст БХД і як каардынатар кампаніі «За справядлівыя выбары». Але на рукі нічога не выдалі”, – распавёў сайту charter97.org сам Алег Аксёнаў.
Сустаршыня партыі БХД Віталь Рымашэўскі пракаментаваў сайту charter97.org пастаноўку на ўлік Алега Аксёнава.
Па словах палітыка, улады будуць зачышчаць палітычнае поле для праўладных арганізацый. «Адбываецца зачыстка палітычнага поля для прарэжымных партый. Зразумела, што меў на ўвазе Лукашэнка, калі заяўляў, што ў нас «спрыяльныя ўмовы для развіцця палітычных партый». Як і раней, улады будуць спрабаваць зачысціць апазіцыйныя арганізацыі, якія нелаяльныя і выступаюць супраць прапанаваных рэжымам парадкаў».
Рэжым збіраецца пакінуць у Беларусі толькі лаяльныя арганізацыі, адзначыў Віталь Рымашэўскі. «Улады 4 разы незаконна адмовілі БХД у рэгістрацыі. Рэжым плануе вярнуць практыку крымінальнага пераследу за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Яны хочуць пакінуць у Беларусі толькі лаяльныя арганізацыі”.