БХД: пастаноўка Аксёнава на ўлік – пагроза ўсім актывістам БХД

24 кастрычніка 2012 13:31  |  Галоўныя навіны

На прэс-канферэнцыі 24 кастрычніка сустаршыня аргкамітэта па стварэнні БХД Віталь Рымашэўскі і адказны сакратар аргкамітэту Дзяніс Садоўскі заявілі, што пастаноўку на ўлік у КДБ магілёўскага каардынатара, актывіста аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” (БХД) Алега Аксёнава кіраўніцтва аргкамітэта расцэньвае як пагрозу для ўсіх прыхільнікаў БХД. Аб гэтым піша БелаПАН.
.
Аксёнаў быў пастаўлены на прафілактычны ўлік у КДБ 11 кастрычніка. Яму пра гэта стала вядома 22 кастрычніка. Як паведамілі Аксёнаву супрацоўнікі КДБ, ён быў пастаўлены на ўлік за “дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі”.

Рымашэўскі адзначыў, што пасля парламенцкіх выбараў пад рэпрэсіі падпалі дзясяткі актывістаў БХД, якія ўдзельнічалі ў кампаніі байкоту выбараў і ў арганізаваным БХД назіранні за ходам галасавання. “Аднак выпадак з Аксёнавым – пастаноўка на ўлік за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі – выключны. Мы расцэньваем гэта як прамую пагрозу ўсім сябрам аргкамітэта па стварэнні партыі “БХД”, а таксама ўсёй дэмакратычнай грамадскасці Рэспублікі Беларусь”, – падкрэсліў Рымашэўскі.

Паводле яго слоў, да гэтага часу ў Крымінальным кодэксе застаецца артыкул 193-1, які прадугледжвае адказнасць за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. “Гэты артыкул не ўжываўся на працягу чатырох-пяці гадоў, і прымяненне зноў гэтага артыкула фактычна пагражае знішчэннем паловы дэмакратычных арганізацый у Беларусі”, – заявіў палітык.

Ён заклікаў усе дэмакратычныя і праваабарончыя арганізацыі падтрымаць дзеянні па непрымяненні гэтага артыкулу ў далейшым.

Дзяніс Садоўскі паведаміў, што Аксёнаў ўжо абскардзіў пастаноўку яго на ўлік у мясцовае аддзяленне КДБ.

Болей навін