БХД звярнулася да 50-і беларускіх партый і арганізацый

01 лістапада 2012 11:53  |  Галоўныя навіны

Кіраўніцтва аргкамітэту па стварэнні Партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя 1 лістапада звярнулася да 50 беларускіх партый, грамадскіх арганізацый, рухаў і кампаній з просьбай падтрымаць прапанаваныя змены ў Закон “Аб ахове здароўя”.

 

Сярод іншых звароты накіраваныя Партыі БНФ, Руху “За Свабоду”, Аб’яднанай грамадзянскай партыі, “Гавары праўду!”, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), Беларускай партыі левых “Справядлівы свет”, Камуністычнай партыі, Ліберальна-дэмакратычнай партыі, Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці, Беларускай партыі “Зялёныя”, БРСМ, “Белай Русі”, Маладому фронту, Моладзі БНФ, Беларускаму Руху, шэрагу праваабарончых арганізацый (БХК, “Вясна” і іншыя), буйнейшым прафсаюзам (БКДП, ФПБ, РЭП і г.д.) і іншым.

 

У звароце адзначаецца, што “прапанаваныя змены накіраваныя, перш за ўсё, на скарачэнне колькасці “неабдуманых” абортаў, г.зн. зробленых у стане стрэсу, пры адсутнасці ў жанчыны поўнай інфармацыі аб наступствах і альтэрнатывах аперацыі і часу на абдумванне рашэння”.

 

“У падтрымку дадзеных зменаў у Міністэрства аховы здароўя і Савет Міністраў Рэспублікі Беларусі накіравана ўжо каля 3000 подпісаў грамадзян. Пра неабходнасць унясення зменаў у закон заявілі Каталіцкі Касцёл у Беларусі і Беларуская Праваслаўная Царква. Заклікаем і Вас падтрымаць прапанаваныя змены, а таксама ўзяць удзел у зборы подпісаў за іх увядзенне”, – паведамляецца ў ім.

Болей навін