Невядомыя абрабавалі хату Таісіі Кабанчук

01 лістапада 2012 13:04  |  Грамадства

У вёсцы Сяргіевічы Кіраўскага раёну невядомыя абрабавалі дзве хаты, якія належаць магілёўскай абласной каардынатарцы аргкамітэту БХД Таісіі Кабанчук: хату яе бацькоў і хату яе цёці, за якой яна даглядала.

 

Паводле яе словаў, злачынцы ўзламалі ўсе замкі, у тым ліку ў гаражы, сараях і лазні, вынеслі практычна ўсе металічныя рэчы, ўключаючы старыя жалезныя ложкі з сараю. Як адзначыла Таісія Кабанчук, падобныя крадзяжы ў вёсцы здараюцца рэгулярна: у людзей крадуць кароваў і рэжуць іх у лесе, выкрадаюць катлы і батарэі, усялякую маёмасць. Вяскоўцы ўжо нават пісалі звароты рабаўнікам і пакідалі бутэлькі гарэлкі, каб тыя нічога не кралі.

 

“І жыхары вёскі, і дачнікі шмат разоў звярталіся ў міліцыю, але адтуль прыходзілі толькі адпіскі. Міліцыі ў нас хапае на ўсё: на тое, каб лавіць тых, хто пляскае ў далоні, хлусіць у судах, але не на тое, каб лавіць рабаўнікоў. Катлы з лазняў, батарэі – гэта ж не іголка ў капе сена, але ніколі нічога не было знойзена і вернута людзям, ніколі нікога не злавілі. Людзі ўжо не адчуваюць сябе ў бяспецы, баяцца за сваю маёмасць” ,- адзначыла каардынатарка БХД.

Болей навін