У Менску адбыўся ўстаноўчы зьезд ГА “Маладыя Хрысьціянскія Дэмакраты” (фота)
У Менску 3 лістапада адбыўся ўстаноўчы зьезд грамадзкай арганізацыі “Маладыя Хрысьціянскія Дэмакраты”.
Падчас зьезду была абраная старшыня МХД, якой стала каардынатарка кампаніі байкоту 2012 году Марына Хоміч. Яе намесьніцамі сталі Вольга Кавалькова і Вікторыя Радзіеўская. Таксама былі абраныя Рада ў складзе дзевяці чалавек і Рэвізійная камісія ГА “МХД”.
Удзельнікі зьезду, агулам 75 чалавек, зацьвердзілі статут арганізацыі і праграму яе далейшай дзейнасьці, у тым ліку у межах кампаній за сямейныя каштоўнасьці, за папулярызацыю беларускае мовы і культуры, у падтрымку палітвязьняў, кампаніі “Ад байкоту “выбараў” да байкоту рэжыму”, якая прадугледжвае сярод іншага байкот дзяржаўных СМІ, праўладных прафсаюзаў і г.д. Для большай празрыстасьці рэгістрацыя заснавальнікаў ГА “МХД” праходзіла пад прыцэлам відэакамэры.
МХД ёсьць сьвецкім і нерэлігійным рэспубліканскім моладзевым грамадзкім аб’яднаньнем, якое аб’ядноўвае грамадзян на добраахвотных пачатках для сумеснай рэалізацыі грамадзянскіх, сацыяльных, культурных і іншых правоў. Сярод асноўных мэтаў і задач МХД: стварэньне ўмоў для ўсебаковага разьвіцьця моладзі, раскрыцьцё яе творчага патэнцыялу, садзейнічаньне разьвіцьцю ў Беларусі грамадзянскай супольнасьці, заснаванай на патрыятычных і грамадзянска-духоўных каштоўнасьцях беларускага народа, абарона правоў і свабод моладзі. МХД мае намер садзейнічаць актыўнаму ўдзелу моладзі ў пабудове грамадзянскай супольнасьці і прававой дзяржавы, фармаваньню актыўнай грамадзянскай пазыцыі моладзі, прававой адукаванасьці, прапагандзе здаровага ладу жыцця і хрысьціянска-дэмакратычных каштоўнасьцяў сярод моладзі.
Перад удзельнікамі зьезду выступілі сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі, які заклікаў маладых хрысьціянскіх дэмакратаў быць няпроста рукамі і нагамі сваіх старэйшых калегаў з БХД, а рабіцца лідарамі, прапаноўваць новыя ідэі і выпраўляць недахопы. “Мы і ніхто іншыя адказныя за нашу краіну, і ад нас залежыць, калі Беларусь стане вольнай і дэмакратычнай”, – адзначыў у сваю чаргу адказны сакратар БХД Дзяніс Садоўскі. Таксама перад удзельнікамі зьезду быў зачытаны зварот сустаршыні БХД, палітвязьня Паўла Севярынца.
Віншаваньні ўдзельнікам зьезду накіравалі старшыня моладзевага аддзяленьня Хрысьціянска-дэмакратычнай партыі Нарвэгіі Элізабэт Лёланд і лідар нямецкага Junge Union Філіп Місфэльдэр, якія выказалі надзею на зьмены ў Беларусі і падтрымалі сваіх беларускіх калегаў.
Апроч таго, на зьезьдзе выступіў прадстаўнік Маладых Дэмакратаў АГП Дзмітрый Кавалгін, які адзначыў плённае супрацоўніцтва паміж арганізацыямі падчас “выбараў-2012” і выказаў надзею на супрацы ў далейшым. У сваю чаргу Уладзь Яроменак з Маладога Фронту зазначыў, што “ў сёньняшніх умовах зьмены ў Беларусі магчымыя толькі пры суцэльным яднаньні ўсіх дэмакратычных сілаў краіны”. “І я перакананы, што гэтае яднаньне пачнецца менавіта з моладзі і будзе грунтавацца менавіта на хрысьціянскіх каштоўнасьцях”, – сказаў ён.