Ілля Багданаў: Мяне забралі з дома і павезлі ў кайданках у Мінск

13 лістапада 2012 22:32  |  Палітыка

Еўрарадыё: Раскажыце, як пачаліся вашы прыгоды?

 

Ілля Багданаў: На мінулым тыдні гэта было. У пятніцу. Я чакаў сябра, які павінен быў у мяне пераначаваць. І калі ў дзверы пазванілі, то я падумаў, што гэта ён прыйшоў. Адкрыў не гледзячы, хто там і што. Ну а за дзвярыма натоўп людзей, усе ў чорным. Двое панятых. Дасталі пасведчанні свае чырвоныя, паказалі. КДБ. Паказалі пастанову, ператрус правялі. Гадзіну, можа больш ён працягваўся. Забралі усе матэрыялы па БХД, флэшкі.

 

І што далей было, пасля ператруса?

 

Мне кажуць апранацца цяплей. Я пытаюся — куды? “З намі”, — кажуць. Апранулі кайданкі, пасадзілі ў машыну і павезлі чамусьці ў Наваполацк. Завялі ў кабінет, хутка аформілі і адразу ў Мінск павезлі. Спяшаліся.

 

Вось так адразу? Нічога вам не тлумачылі?

 

Не. Спыталі толькі, ці не паслабіць мне кайданкі. Маўляў, я потым у пракуратуру скаргу напішу.

 

Што з вамі адбывалася ў сталіцы?

 

У Мінску было сур’ёзна – вялікія вароты, сур’ёзны кантроль. З машыны мяне вывелі і пацягнулі некуды наверх. І на 2-ім ці 3-ім паверсе я раптам заўважыў Андрэя Гайдукова (іншы затрыманы – Еўрарадыё). Мне нельга было паварочваць галаву, але пад вострым вуглом я яго пабачыў. Думаю, гэта быў Гайдукоў. Затым мяне адвялі да следчага і там ужо мы размаўлялі па маёй справе, быў допыт.

 

Калі вас адпусцілі?

 

Пасля допыта. Узялі і адпусцілі. Я выйшаў, крыху ведаю Мінск, таму зарыентаваўся хутка. Злавіў таксоўку да кальцавой. Добра, што крыху грошай узяў з дома. Ад кальцавой даехаў папутнымі фурамі да Наваполацка. Яшчэ на працу паспеў (Ілля працуе ў ЖКГ). Начальнік пытае: “Што з табой, чаму так выглядаеш?”. Я расказаў. А як каву сеў піць, то двое ў цывільным прыйшлі ператрус праводзіць.

 

Як думаеце, чаму вас адпусцілі пад падпіску, а Гайдукова не?

 

Думаю, што не магу расказваць пра гэта. Я даваў падпіску аб неразгалошванні матэрыялаў справы. А калі пачну выказваць свае меркаванні, то трэба будзе раскрыць некаторыя акалічнасці.

 

Ілля Багданаў – актывіст аргкамітэта БХД з Полацка. 9 лістапада быў затрыманы ва ўласнай кватэры супрацоўнікамі КДБ. Пасля допыта ў Мінску адпушчаны пад падпіску аб неразгалошванні. Падазраецца ў здзяйсненні злачынства па артыкуле 356 крымінальнага кодэкса Беларусі (здрада дзяржаве).

Болей навін