У Наваполацку прайшла акцыя ў падтрымку “ARCHE”
Актывіст БХД Сяргей Малашэнак сумесна з актывістамі іншых дэмакратычных партый, якіх усіх аб’яднала грамадскае аб’яднанне «Свабодны рэгіён», правялі акцыю ў падтрымку свабоднай журналістыкі.
Актывісты выйшлі на плошчу Будаўнікоў у Наваполацку і заклікалі новапалачанаў быць салідарнымі, і падтрымліваць незалежныя выданні, а таксама далучацца да рэспубліканскай акцыі па выратаванні часопіса “ARCHE”.
Актывісты падпісалі адкрыты зварот да Камітэту дзяржаўнага кантролю Беларусі.
У звароце гаворыцца: “Мы, падпісанты і чытачы беларускамоўнага часопіса “Arche-Пачатак” выказваем занепакоенасць у выпадку знішчэння часопіса. Праблемы ў выдання пачаліся пасля затрымання цяпер ужо былога рэдактара “Arche-Пачатак” Валера Булгакава” …
Гэтак жа быў накіраваны зварот на імя міністра інфармацыі Алега Праляскоўскага, у якім гаворыцца:
“Паважаны Алег Вітольдавіч, з праграмы беларускага тэлебачання “Зона Х” мы з глыбокім жалем даведаліся, што разглядаецца пытанне аб адмене рэгістрацыі штомесячнага часопіса “ARCHE-Пачатак”. Наколькі нам вядома, за апошнія гады Міністэрства інфармацыі не выносіла часопісу ніводнага папярэджання, выкліканага зместам апублікаваных у ім матэрыялаў, таму законных падстаў для ліквідацыі выдання няма. Спыненне ж выхаду часопіса несумненна стане вялікай стратай для беларускай навукі і культуры” …
Актывісты таксама падпісалі калектыўны ліст палітвязню Паўлу Севярынцу, земляку, пісьменніку і журналісту, пажадаўшы яму здароўя і моцы, натхнення і хутчэйшага вяртання дадому.
Актывісты таксама заклікаюць усіх людзей добрай волі праявіць салідарнасць з “ARCHE”, што, у прыватнасці, можна зрабіць шляхам напісання зваротаў на імя міністра інфармацыі Алега Праляскоўскага (адрас: 220004, г. Мінск, пр. Пераможцаў, 11) .