Павал Севярынец: Свабоду Гайдукову!
Сустаршыня аргкамітэту па стварэнні Партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя”, палітвязень Павал Севярынец патрабуе ад спецслужбаў вызвалення затрыманага Андрэя Гайдукова і растлумачэння аперацыі па ягоным арышце:
“Уся гэтая гісторыя з увязненнем Андрэя Гайдукова робіць уражанне абсурду, прычым жорсткага і гвалтоўнага абсурду, накіраванага на запалохванне грамадства. 22-гадовы слесар, намеснік старшыні грамадскага аб’яднання “Саюз маладых інтэлектуалаў”, прыхільнік Хрысціянскай Дэмакратыі, актывіст сацыяльных сетак раптам, аказваецца, “закладвае тайнік”. Што ж вы, прафесіяналы, не дачакаліся там, ля “тайніка” якога-небудзь заакіянскага Джэймса Бонда, катораму так патрэбная “сацыяльна-эканамічная інфармацыя пра Рэспубліку Беларусь”? Можа быць, таму , што ніякага шпіёна і шпіянажу там няма? Крывавыя гісторыі пра японскіх і румынскіх “шпіёнаў” наша краіна ўжо праходзіла ў 1937 годзе. Можа, камусьці трэба паказць, што КГБ працуе і дзеля гэтага хапаюць першага ж актывіста, нязгоднага з рэжымам, які трапіўся пад руку. Ніхто ж не верыць гэтым “афіцыйным версіям”.
Мы патрабуем неадкладнага вызвалення Андрэя Гайдукова і растлумачэння ўсяго гэтага кепска пастаўленага спектаклю.
Калі ніякіх ясных тлумачэнняў віны Гайдукова прадстаўлена не будзе – можна лічыць, што ў Беларусі з’явіўся 15-ы палітвязень. Свабоду Гайдукову!”