124 гады таму нарадзіўся Вінцэнт Гадлеўскі
124 гады таму, 16 лістапада 1888 года, у вёсцы Шурычы на Гарадзеншчыне нарадзіўся адзін з заснавальнікаў і лідараў Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі.
Адзін з найбуйнейшых беларускіх нацыянальных дзеячаў Заходняй Беларусі, перакладчык на беларускую мову “Новага Запавету” скончыў Віленскую каталіцкую духоўную семінарыю і Пецярбургскую каталіцкую духоўную акадэмію. У 1927 годзе быў асуджаны польскімі ўладамі на два гады зняволення за палітычную дзейнасць.
З пачаткам другой сусветнай вайны заснаваў падпольную Беларускую Незалежніцкую Партыю, якая стаяла на пазіцыях незалежнасці Беларусі як Нямеччыны, так і ад СССР. жыў у Вільні.
Нямецкія ўлады арыштавалі Вінцэнта Гадлеўскага 24 снежня 1942 года пасля Імшы ў Чырвоным касцёле і расстралялі ў Трасцянцы пад Менскам.
Нагадаем, з нагоды 70 год з дня пакутніцкай смерці айца Вінцэнта Гадлеўскага, а таксама да 120-годдзя нараджэння іншага выбітнага грамадскага, палітычнага і рэлігійнага дзеяча, гісторыка, пісьменніка, выдаўца, пакутніка ГУЛАГу ксяндза Адама Станкевіча, БХД абвесціла 2012 год годам памяці айцоў Вінцэнта Гадлеўскага і Адама Станкевіча. Быў створаны аргкамітэт ушанавання іх памяці з прыцягненнем шырокай беларускай грамадзкасці і прадстаўнікоў Каталіцкага касцёлу. Цягам усяго году ў Менску і іншых мясцінах Беларусі, а таксама ў Вільні і Варшаве праводзяцца шматлікія мемарыяльныя мерапрыемствы.
Адкрыты рахунак для збору сродкаў на ўсталяванне помніку Вінцэнту Гадлеўскаму ў Трасцянцы. Аргкамітэт БХД заклікае ўсіх неабыякавых ахвяраваць сродкі на ўсталяванне мемарыялу беларускаму нацыянальнаму лідару: ф-л 514 ААТ “ААБ Беларусбанк”, УНП 100420097, код банка 614, р/р 3819382102369. Абавякова пазначаць у назначэнні: ахвяраванне на дабрачынны рахунак №.000001
Таксама праводзіцца збор подпісаў па перайменаванні назваў савецкіх вуліц у гонар святара ў гарадах, дзе ён служыў, ды іншых мясцінах Беларус. Да таго ж былі надрукаваныя календары і плакаты ў памяць пра Вінцэнта Гадлеўскага і Адама Станкевіча, запушчаны сайт, прысвечаны ўшанаванню памяці святароў – http://data.zmk-by.org/.