Віншуем з днём Герояў – з 92-й гадавінай Слуцкага збройнага чыну!

27 лістапада 2012 16:02  |  Грамадства

Дзень 27 лістапада, калі ў 1920 годзе распачаўся Слуцкі збройны чын – антыбальшавіцкі выступ беларускіх вайсковых фармаванняў БНР на Случчыне, у памяць палеглых змагароў ушаноўваецца незалежным беларускім грамадствам як Дзень герояў. БХД віншуе ўсіх з гэтым днём і жадае кожнаму беларусу здабыць такую ахвянасць і любоў да Бацькаўшчыны, якую мелі ў свой час слуцкія паўстанцы. 

Ушануйма веру і чын случакоў, якія ў віхуру ваенаннага ліхалецця перад пагрозай бальшавіцкай Расеі мелі толькі адзін выбар – памерці ў самаахвярным змаганні за Бацькаўшчыну, ці загінуць у камуністычным пекле.

 

Гістарычная даведка

Два гады, з 1919 па 1920, ішла вайна паміж Савецкай Расеяй і Польшчай. Асноўныя баявыя дзеянні ішлі на тэрыторыі Беларусі і Украіны. Скончылася яна падпісаннем Рыжскага міру 12 кастрычніка 1920 года. Нягледзячы на тое, што беларусы не былі нават запрошаныя на мірныя перамовы і яны праходзілі без іх удзелу, тэрыторыя нашай краіны была падзеленая паміж Польшчай і Савецкай Расеяй. Гэтай дамовай была вызначаная дэмаркацыйная лінія Кіевічы-Лань і нейтральная зона паўз яе прайшлі праз Случчыну. Варта адзначыць, што Случчына была адной з найбагацейшых і найбольш нацыянальна сведамай беларускай правінцыяй. Тут традыцыйна існаваў моцны асяродак нацыянальна-вызвольнага руху. 

Гэты час міжуладдзя, калі палякі адступілі, а расейцы яшчэ не прыйшлі, беларускія дзеячы ў Слуцку выкарысталі для арганізацыі змагання за самастойную Беларусь, за ўсталяванне ўлады Беларускае Народнае Рэспублікі, абвешчанай у сакавіку 1918 года.

14 лістапада 1920 года быў скліканы з’езд Случчыны, які праходзіў у доме Эдварда Вайніловіча. З’езд выбраў часовы ўрад – Раду Случчыны на чале з Уладзімірам Пракулевічам і пастанавіў распачаць збройнае змаганне супраць чужынцаў. Рада пачала стварэнне вайсковых фармаванняў, была абвешчаная мабілізацыя, якая прайшла вельмі актыўна сярод насельніцтва Слуцкага павета – Цімкавічаў, Капыля, Семежава, Грозава і іх ваколіцаў. У кароткім часе сабралася блізу 10 000 чалавек. Беларускія жанчыны з Горадні прыслалі для случакоў сцяг з прыгожа вышытаю «Пагоняю» і надпісам: «Тым, што пайшлі паміраць, каб жыла Бацькаўшчына».

Былі сфармаваныя два палкі: 1-шы Слуцкі полк на чале з падпалкоўнікам Ахрэмам Гаўрыловічам і 2-гі Грозаўскі полк пад камандаю капітана Семянюка, аб’яднаныя ў Слуцкую брыгаду, якую ўзначальваў Антон Сокал-Кутылоўскі. У сувязі з наступам Чырвонай арміі штаб паўстання быў перанесены са Слуцка ў Семежава.

27 лістапада пачаліся баі. Асабліва адчувальныя для бальшавікоў былі ўдары па лініі Капыль-Цімкавічы-Вызна (цяпер Красная Слабада). Супраць случакоў была кінутая Омская дывізія. Яны мужна змагаліся, іх шырока падтрымлівала мясцовае насельніцтва, але сілы былі няроўныя. Пасля больш як месяца ўпартых баёў нашы ваяры змушаныя былі адысці за раку Лань, дзе былі раззброеныя палякамі і змешчаныя ў спецыяльны лагер для інтэрнаваных асобаў.

Сярод найбольш актыўных удзельнікаў змагання былі Павел Жаўрыд, Юрка Лістапад, Макар Краўцоў (аўтар ваяцкага марша «Мы выйдзем шчыльнымі радамі», які стаў гімнам БНР) Васіль Русак, Аляксей Кабычкін, Юльян Сасноўскі, Янка Біруковіч. Многія са змагароў вярнуліся пазней на радзіму, паверыўшы ў магчымасць адбудовы Беларускага гаспадарства пад бальшавікамі, але былі знішчаныя ў часе рэпрэсіяў.

Падзеі 1920 года ўвайшлі ў гісторыю пад назовам Слуцкі збройны чын, або Слуцкі збройны ўздым (часам гэта называюць паўстаннем, але такі назоў не зусім адпавядае сутнасці падзеяў). Яны з’яўляюцца яскравым сведчаннем нязгаснага імкнення беларускага народа да незалежнасці, яго рашучасці ў змаганні за волю.

 

Паводле “150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі” 

Болей навін