БХД заклікае падтрымаць царкву “Новае Жыццё”
Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя заклікае ўсе незалежныя сілы Беларусі, усіх сумленных і неабыякавых грамадзян падтрымаць царкву “Новае Жыццё”.
5 снежня ўлады плануюць захоп памяшкання пратэстанцкай царквы, вернікі якой болей за шэсць год адстойваюць права на свабоду сумлення, права збірацца ў адробленым імі памяшканні.
Нягледзячы на рэгулярныя пагрозы і шантаж, вернікі працягваюць збірацца і маліцца разам. Іх змаганне стала сімвалам барацьбы за свабоду сумлення ў Беларусі. За мінулыя восем год былі выпадкі, калі не толькі пратэстантаў, але каталікоў і праваслаўных спрабавалі судзіць па новым дыскрымінацыйным законе аб свабодзе сумлення. Таму сёння абарона гэтай царквы – гэта абарона права на свабоду сумлення ў краіне.
Высяленне на гэтым тыдні, 26 лістапада, на вуліцу праваабарончага цэнтру “Вясна” і плануемы захоп на наступным, 5 снежня, памяшкання царквы – гэта падзеі аднаго лагічнага шэрагу. Гэта пачатак таталітарнага ўзмацнення рэпрэсій у краіне. Не чакайце, пакуль улады прыйдуць па офісы вашых арганізацый і партый – далучайцеся да змагання!
Мы заклікаем таксама міжнародную супольнасць выказацца па дадзеным пытанні, а сродкі масавай інфармацыі – сачыць за сітуацыяй і як мага поўна асвятляць падзеі з захопам будынку царквы.
Кантакты царквы: http://www.newlife.by
Тэл. +375 29 502 87 18 Адрэса: 220119, г.Менск, вул.Кавалёва, 72
Электронная пошта:
Пастар: раstоr@nеwlifе.bу
Прэс-служба: kоvаlеvа72@nеwlifе.bу
Адміністратар: nlс.nеwlifе@gmаil.соm