Царква “Новае жыццё” пачынае кругласутачныя малітвы
А 5 снежня ў будынку царквы збяруццца вернікі разам з жанчынамі і дзецьмі.
Нагадаем, што ў аўторак пратэстанты атрымалі позву з Вышэйшага гаспадарчага суда. Ім загадваюць да 11 гадзінаў 5 снежня вызваліць будынак, які займае царква.
Сёння вернікі правялі сход, на якім прымалі план далейшых дзеянняў. Як паведаміў у каментары Еўрарадыё юрыст царквы Сяргей Луканін, пакідаць будынак пратэстанты не збіраюцца.
Луканін: “Было вырашана пачаць узмоцненую малітву, і круглыя суткі ў нашай царкве будуць знаходзіцца людзі, якія будуць маліцца. А ўвечары а 19-й гадзіне ўсе вернікі будуць збірацца на спецыяльныя малітоўныя сходы. Запрашаем усіх прыняць у гэтым удзел”.
Па словах Луканіна, вернікі збіраюцца прасіць у Госпада абароны для сваёй маёмасці і свайго права на веравызнанне. Пакуль што ніякіх акцыяў пратэстанты не плануюць.
5 снежня, калі да царквы прыйдуць судовыя выканаўцы, вернікі “Новага жыцця” збіраюцца сустрэць іх у будынку.